Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто запалохвае людзей праз SMS-паведамленьні? (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня раніцай тысячы ўладальнікаў мабільных тэлефонаў, якія абслугоўваюцца ў апэратара “Velcom”, атрымалі тэкставыя паведамленьні, у якіх папярэджаньне: падчас плянаванай акцыі 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы рыхтуюцца правакацыі. Аднак у офісе “Velcom” сьцьвярджаюць, што ніякага дачыненьня да гэтай рассылкі ня маюць. У агульнадаступнай базе “Velcom” таксама адсутнічае інфармацыя пра ўладальніка тэлефону, зь якога адсылаюцца SMS.

Практычна ўсе абанэнты “Velcom” атрымалі тэкставыя паведамленьні наступнага зьместу: “Увечары 19 сакавіка 2006 году на Кастрычніцкай плошчы правакатары рыхтуюць кровапраліцьце. Беражыце сваё жыцьцё і здароўе”.

SMS адпраўляўся з канкрэтнага нумару, аднак пошукавая сыстэма ня выявіла, каму належыць гэты тэлефон.

У зьвязку зь нядаўнімі рэзкімі заявамі кіраўнікоў сілавых ведамстваў, якія заявілі, што тыя, хто выйдзе 19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу, — тэрарысты, многія лічаць падобныя папярэджаньні не паслугай добразычліўцаў, а правакацыяй. Ускосна гэта пацьвердзілі і ў офісе апэратара мабільнай сувязі.

(Супрацоўніца офісу: ) “Рэч у тым, што кліенты тэлефануюць і кажуць, што атрымліваюць такія паведамленьні. Але гэта дасылае ня наша кампанія”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, хтосьці рабіць такую масавую рассылку?”

(Супрацоўніца офісу: ) “Вядома. Любы абанэнт можа са свайго нумару дасылаць што заўгодна і куды заўгодна. І, адпаведна, тыражаваць паведамленьні”.

Як удакладнілі ў “Velcom”, нумар іх службы рассылкі 6009000. Нумар тэлефона, зь якога дасылаліся папярэджаньні, сёньня не адказвае і ў базе “Velcom” не ідэнтыфікаваны.

Аднак ёсьць прыклады, калі спробы даслаць значна меншую колькасьць SMS-паведамленьняў мелі куды больш суровыя наступствы з боку таго ж “Velcom”. Прадстаўніца грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97” Наталя Радзіна расказвае, што летась, напярэдадні дня салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых 16 лістапада, яна спрабавала даслаць некалькі дзясяткаў SMS.

(Радзіна: ) “Калі я спрабавала даслаць SMS сябрам і знаёмым — а гэта зусім няшмат людзей, — у мяне была заблякаваная sim-карта. У “Velcom” мне патлумачылі: гэта зьвязана з тым, што я спрабавала адправіць вельмі шмат паведамленьняў, і нейкім чынам заблякавала трафік. Дык тое — абсалютнае глупства, бо я дасылала некалькі дзясяткаў SMS. А сёньня паведамленьні атрымалі сотні тысяч людзей — і “Velcom” ня скардзіцца, што SMS-трафік нейкім чынам блякуецца. Гэта сьведчыць, што “Velcom” працуе пад кантролем уладаў, і ўсё адбываецца зь ягонага дазволу. А значыць, гэта папросту правакацыя з боку існуючага рэжыму”.

Зьявіліся заклікі й іншага кшталту. На дошках аб’яў ля пад’ездаў хтосьці клеіць улёткі з заклікамі ісьці на плошчу, узброіўшыся бутэлькамі, ланцугамі ды кіямі. Прычым, як паведаміў нам адзін са слухачоў, гэтымі ўлёткамі ў менскім мікрараёне Паўднёвы Захад заклеілі абвесткі пра рок-канцэрт у падтрымку кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча.

Былы супрацоўнік спэцслужбаў Валеры Костка лічыць, што ня трэба надаваць шмат увагі падобнаму ўяўнаму клопату пра бясьпеку людзей і заявам сілавікоў пра абарону канстытуцыйнага ладу. Як лічыць спадар Костка, спэцслужбы цяпер думаюць толькі пра тое, як напужаць людзей і не дапусьціць іх на плошчу.

(Костка: ) “Ня трэба надаваць занадта вялікага значэньня. Усе гэтыя размовы пра канстытуцыйны лад, я вам скажу… Калі пачынаюцца вялікія страсеньні, то, як у Румыніі колісь казалі, што кожны трэці — негалосны супрацоўнік КДБ, кожны пяты — штатны супрацоўнік. І што? Усё гэта да пары, да часу. Гэтыя хлопцы самі разумеюць, калі трэба выскокваць з чоўна. Проста калі час яшчэ не настаў, яны плывуць, а як час надыдзе, усе сігануць. Хто Чаўшэску абараняў, хто Мілошавіча, хто Хусэйна абараняў? Ніхто не абараняў! Трэба, каб склалася такая сытуацыя, калі ўжо ўсе зразумеюць, што карабель ідзе на дно — і тады ўсе павыскокваюць. І тады ўжо ніякай небясьпекі ад гэтай службы нацыянальнай бясьпекі няма”.

Кандыдаты на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін заклікаюць людзей выйсьці увечары 19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу, каб дачакацца абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG