Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шчучыне на 10 сутак асуджаны актывіст (абноўлены)


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць Васіля Бязьмена асудзілі па артыкуле 156 Адміністрацыйнага кодэксу за тое, што ён быццам у грамадзкім месцы нецэнзурна лаяўся і зьвяртаў на сябе ўвагу мінакоў. Васіль Бязьмен сваёй віны не прызнаў.

Сьведчыў у судзе сьледчы Іван Новікаў, які рабіў ператрус на працы ў Васіля Бязьмена і даставіў яго ў міліцыю на допыт. Ён заявіў, што Васіль Бязьмен, калі выйшаў з машыны побач з пастарункам, пачаў нецэнзурна лаяцца, зьвяртаў на сябе ўвагу мінакоў і крычаў, што яго незаконна арыштоўваюць. Другім сьведкам міліцыянты прывялі нейкага спадара Ўрчукевіча, які нібыта стаяў побач і таксама гэта бачыў. Ён засьведчыў тое ж, што і міліцыянт.

Сьведкі з боку Васіля Бязьмена, спадарыні Чарняк і Болтач, зь якімі працуе Васіль Бязьмен у шпіталі, казалі, што ён наагул ня лаецца — аднак іх паказаньняў суд не ўлічыў. Васіль Бязьмен сваёй віны не прызнаў.

Адвакат Ігар Сазановіч уражаны такім прысудам, паколькі Васіль Бязьмен мае выдатную характарыстыку з працы, і ніколі раней не прыцягваўся да адказнасьці. Кажа адвакат Ігар Сазановіч:

(Сазановіч: ) “Асоба Бязьмена характарызавалася толькі са станоўчага боку: была характарыстыка, дапыталі супрацоўнікаў шпіталю. І чаму першы раз прыцягваючы яго да адміністрацыйнай адказнасьці, прызначаюць адміністрацыйны арышт 10 сутак — гэта нічым не было абумоўлена”.

Падчас судовага працэсу ў залі прысутнічаў прадстаўнік АБСЭ.
XS
SM
MD
LG