Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Кліх: у Беларусі "паўзучае надзвычайнае становішча"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Старшыня Дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх назваў сітуацыю ў Беларусі “паўзучым надзвычайным становішчам”.

“Тое, што адбываецца ў Беларусі я ўспрымаю зь вельмі вялікай занепакоенасьцю. Датэрміновыя выбары, а таксама абвінавачаньні на адрас апазыцыі з боку КДБ ня маюць нічога агульнага з дэмакратычнымі выбарамі. Гэта паўзучае надзвычайнае становішча”, - заявіў Богдан Кліх Польскаму прэсаваму агенцтву.

Паводле Кліха, такая ацэнка сітуацыі ў Беларусі абгрунтаваная масавымі арыштамі актывістаў апазыцыі “паводле надуманых прычынаў” і заявамі кіраўніка беларускага КДБ, які абвінаваціў апазыцыю ў намеры сілай захапіць уладу.

“Я абсалютна ўпэўнены, што калі ў Менску адбудзецца дэманстрацыя, дык улада ўжые сілу. Спадзяюся, што кроў не пальецца, хаця апошнія падзеі паказваюць, што да гэтага дыктатар таксама падрыхтаваны”, - заявіў Богдан Кліх.

Паводле дэпутата Эўрапейскага парлямэнту афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ня будуць вартыя даверу і ня будуць адлюстроўваць сапраўднай сытуацыі.

“Адразу пасьля выбараў Эўрапейскі Зьвяз павінен сур’ёзна абмеркаваць сваю неэфэктыўную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, якая праводзілася дагэтуль і выпрацаваць мэханізмы, якія б гэтую палітыку зьмянілі. Эўразьвяз павінен дзейнічаць паводле прынцыпу “ізаляваць уладу, падтрымліваць грамадзтва” і ганіць на міжнароднай арэне ня толькі Аляксандра Лукашэнка, але і ягоных хаўрусьнікаў”, - заявіў старшыня Дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG