Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пачынаюцца акцыі салідарнасьці, радыё "Беласток" вяшчае па-беларуску


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы і іншых краінах Эўрапейскага Зьвязу сёньня адбываюцца палітычныя і грамадзкія акцыі ў падтрымку беларускай дэмакратыі і свабодных выбараў.

Кіраўнікі парлямэнцкіх камісіяў у міжнародных справах дзевяці эўрапейскіх краінаў – Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Люксэмбургу, Мальты, Малдовы, Літвы і Славаччыны – падпісалі сумесную заяву, у якой выказваюць глыбокую занепакоенасьць арыштамі паплечнікаў апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

“Дэмакратычныя стандарты вымагаюць забесьпячэньня для ўсіх кандыдатаў умоваў для свабоднага правядзеньня выбарчай кампаніі. Такія захады беларускіх уладаў могуць стаць прычынай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне напярэдадні выбараў”, – гаворыцца ў заяве.

***

Інтэрнэт-старонка Беларускага дэмакратычнага фонду салідарнасьці ў Бэльгіі (belarussolidarity.org) у апошнія дні прэзыдэнцкіх выбараў выбараў – суботу, нядзелю, а таксама ў панядзелак – будзе працаваць бесперапынна адразу на шасьці мовах – беларускай, ангельскай, польскай, нямецкай, расейскай і францускай – перадаваць апошнія паведамленьні зь Беларусі, якія тычацца выбараў.

***

Прадстаўнікі дзесяці моладзевых фракцыяў польскіх палітычных партыяў і грамадзкіх арагнізацыяў падпісалі ў Беластоку дэклярацыю – зварот да беларускага народу, у якім паабяцалі, незалежна ад розных палітычных поглядаў, разам працаваць на карысьць дапамогі беларусам – перадусім грамадзкім араганізацыям, студэнтам, якіх выключаюць зь беларусіх ВНУ – пасьля 19 сакавіка.

***

Двое журналістаў радыё "Беласток", якіх учора раніцай не пусьцілі ў Беларусь для асьвятленьня хады прэзыдэнцкіх выбараў і анулявалі ім візы, атрымалі візы ізноў і ўвечары перасяклі мяжу. Прадстаўнікі беларускай амбасады ў Польшчы назвалі інцыдэнт “тэхнічнай памылкай”.

***

У нядзелю 19 сакавіка польскае радыё "Беласток" будзе ад 9-й аж да 16-й гадзіны перадаваць навіны па-беларуску.

Штогадзіну выпуск навінаў будзе пачынацца, як звычайна на польскай мове, а другая яго палова – на беларускай, перадусім з паведамленьнямі адносна выбараў. На Гарадзеншчыне радыё "Беласток" чуваць на FM – хвалі 99,4.
XS
SM
MD
LG