Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: такіх рэпрэсій у Эўропе не было з часоў падзеньня СССР


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава МЗС Польшчы зьвярнуўся да беларусіх уладаў з заклікам спыніць “захады, якія парушаюць прынцыпы дэмакратыі і міжнародныя стандарты”, ды правесьці “празрыстыя і сумленныя выбары”.

У заяве польскага МЗС падкрэсьліваецца, што “ўсе парушэньні асноўных грамадзянскіх правоў і дэмакратычных свабодаў выклічуць катэгарычную рэакцыю з боку Польшчы”. Польскі бок зьвярнуўся таксама да міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці з заклікам уважліва сачыць за хадой выбараў і даць ім адаведную ацэнку.

“Хада выбарчай кампаніі як і выказваньні прадстаўнікоў беларускіх уладаў даюць падставы мець абгрунтаваныя сумненьні ў нэўтральнасьці дзяржаўных структураў у часе галасаваньня. Цягам апошніх гадоў міжнародная супольнасьць ёсьць сьведкам эвалюцы палітычнай сыстэмы ў Беларусі ў бок аўтарытарызму”, – гаворыцца ў звароце польскіх дыпляматаў.

МЗС зьвяртае ўвагу, што сьведчаньнем гэтага працэсу былі парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум у Беларусі ў 2004 годзе.

“Цягам апошніх месяцаў мы зьяўляемся сьведкамі беспрэцэдэнтнай у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе пасьля падзеньня камунізму хвалі палітычных рэпрэсіяў, якія адбываюцца адначасова з парушэньнем асноўных правоў чалавека, якія гарантаваныя як ўнутраным заканадаўствам Беларусі, так і міжнароднымі пагадненьнямі, якія падпісаў Менск”, – адзначае польскі МЗС.

У заяве гаворыцца, што Польшча зь непакоем назірае за тым, як беларускае грамадзтва становіца ўсё больш ізаляваным ад зьнешняга сьвету, а палякі выказваюць салідарнасьць з памкненьнямі беларусаў да “пабудовы ўласнай тоеснасьці ў адпаведнасьці з духам дэмакратыі і грамадзянскіх правоў”.

“Гісторыя Эўропы ў ХХ стагодзьдзі паказвае, што панаваньне таталітарызму ў адной з эўрапейскіх краінаў азначае хваробу ўсяго кантынэнту”, – адзначаецца ў звавроце МЗС Польшчы да беларускіх уладаў з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG