Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя сьвету на сытуацыю ў Беларусі – хроніка тыдня


Радыё Свабода Беларуская сытуацыя напярэдадні выбараў па-ранейшаму ў фокусе ўвагі ўплывовых эўрапейскіх палітыкаў і арганізацыяў.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш перадаў у Кангрэс інфармацыю пра маёмасьць і прыбыткі Аляксандра Лукашэнкі. Паводле дакладу, з продажу зброі і вайсковых тэхналёгіяў у краіны-ізгоі ў спэцыяльны пазабюджэтны фонд Лукашэнкі паступіла ад 100 мільёнаў да 1 мільярда даляраў.

Дзярждэпартамэнт ЗША назваў абуральнымі заявы кіраўніка беларускага КДБ Сьцяпана Сухарэнкі, які прыраўнаваў вулічныя пратэсты да тэрарызму. З крытыкай беларускай сытуацыі ў Вашынгтоне выступіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Адам Эрэлі:

(Эрэлі: ) “Усе гэтыя дзеяньні супярэчаць заявам беларускіх уладаў аб намеры правесьці свабодныя і справядлівыя выбары ў гэтую нядзелю”.

Эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр прыгразіла беларускім уладам далейшымі санкцыямі ў выпадку фальсыфікацыі выбараў:

(Фэрэра-Вальднэр:) “Мы, вядома, ня можам выключыць пашырэньня санкцыяў. Мы вырашым гэта пасьля выбараў. Дазвольце нам назіраць за тым, як адбываюцца выбары, і потым прыняць рашэньне”.

Кіраўніцтва Эўразьвязу запатрабавала ад Менску вызваліць апазыцыйных актывістаў і асудзіла беларускія ўлады за забарону на ўезд у Беларусь назіральнікаў ад эўрапейскіх структур.

За два дні да выбараў беларускі МЗС пазбавіў акрэдытацыі некалькіх назіральнікаў ад Польшчы і Нямеччыны. Напярэдадні ва ўезьдзе ў Беларусь было адмоўлена дэпутатам Эўрапарлямэнту.

Дэпутату нямецкага Бундэстагу Георгу Шырмбэку, які меўся прыбыць у Менск сёньня, у якасьці прычыны адмовы ва ўезьдзе ў Беларусь назвалі ягоныя заявы для прэсы, у якіх палітык назваў Лукашэнку апошнім эўрапейскім дыктатарам і выказаў занепакоенасьць, што ў Менску можа праліцца кроў.

(Шырмбэк: ) “Мы вельмі занепакоеныя сытуацыяй. Мы ўсе зыходзім з таго, што рэжым мае вялікія рэзэрвы для здушэньня апазыцыі”.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі рэзка скрытыкаваў затрыманьні ў менскім аэрапорце сямёх грузінскіх парлямэнтароў, які прыбылі ў Беларусь для маніторынгу выбараў. Старшыня камісіі грузінскага парлямэнту Катэ Габашвілі назваў “поўнай лухтой” заявы беларускага КДБ пра дачыненьне Тбілісі да падрыхтоўкі тэрактаў у Беларусі.

(Габашвілі: ) “Такога, Божа мой, пасьля Яжова ніхто не казаў”.

Афіцыйны Кіеў выказаў сваю заклапочанасьць у сувязі з сыстэмным затрыманьнем украінцаў у Менску. У адмысловай заяве ўкраінскага МЗС зазначаецца, што Ўкраіна таксама занепакоеная гвалтоўным спыненьнем рэпартажу зь Менску здымачнай групы “5 каналу”.

Пра дзеяньні менскага АМОНу гаворыць кіеўская журналістка Ганна Гаражэнка:

(Гаражэнка: ) “Гэта нешта зь нечым. Я такога хамства ніколі ня бачыла”.

19 сакавіка ва ўсходнім раёне нямецкай сталіцы Вайсэнзэе пройдзе імпрэза “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі”. Адзін зь яе арганізатараў, сябар згуртаваньня “Беларусы ў Бэрліне” Максім Грушавы гаворыць:

(Грушавы: ) “Згодна з дэвізам “Усё, што ні робіцца, ёсьць палітыкаю!”, мы хочам скарыстаць падзеі 19 сакавіка, каб сабрацца ў клюбе. На працягу вечара мы правядзем наўпроставыя ўключэньні зь Менску праз Інтэрнэт, каб запытацца пра сытуацыю ў Беларусі ў людзей, якія будуць гэта ведаць. І, нарэшце, мы будзем галасаваць”.
XS
SM
MD
LG