Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія – агляд падзеяў тыдня


Юры Дракахруст, Прага Пагрозы старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі і масавыя арышты актывістаў, датэрміновае галасаваньне і канфіскацыя накладаў газэт, выбарчая агітацыя і супольная заява Казуліна і Мілінкевіча – гэтыя ды іншыя сюжэты ў аглядзе апошняга тыдня выбарчай кампаніі.

У чацьвер старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў, што дзеяньні актыўных удзельнікаў несанкцыянаваных падзеяў 19 сакавіка будуць кваліфікавацца паводле артыкулу аб тэракце.

(Сухарэнка: ) “Паводле артыкулу аб тэрарызьме будуць прыцягвацца да адказнасьці ўсе, хто возьме актыўны ўдзел у акцыях дэстабілізацыі сытуацыі”.

Сухарэнка нагадаў, што максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу – пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротная кара.

На прэсавай канфэрэнцыі шэф КДБ абвінаваціў Грузію ў падрыхтоўцы баевікоў для незаконных дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі. Генэрал Сухарэнка прадэманстраваў відэаматэрыялы з паказаньнямі двух сьведкаў, адзін зь якіх расказаў, як у сакрэтным лягеры для баевікоў у Грузіі яго навучылі атручваць ваду ў водаправодзе.

(Сьведка: ) “Каб атруціць насельніцтва, трэба было злавіць пацука і кінуць яго ў вядро з вадой. Хай два тыдні ён там раскладаецца. Тады ўжо – гатовая атрута. Потым застаецца толькі кінуць яе ў сыстэму водазабесьпячэньня”.

Прагучала й перасьцярога, што ў Беларусі рыхтаваліся чатыры выбухі ў школах.

У відэаматэрыялах, прадэманстраваных КДБ, былі й здымкі сустрэчы лідэра АГП Анатоля Лябедзькі з чалавекам, якога назвалі дарадцам грузінскага прэзыдэнта Саакашвілі. З камэнтару дыктара з КДБ вынікала, што якраз у момант, зафіксаваны на здымках, абмяркоўваліся пляны захопу ўлады ў Беларусі з выкарыстаньнем замежных інструкцыяў і грошай.

Сьцяпан Сухарэнка заявіў, што ў КДБ заведзена справа аб падрыхтоўцы да тэрактаў у Беларусі з удзелам грамадзянаў Грузіі, і ў рамках гэтай справы вывучаецца ўдзел Анатоля Лябедзькі. “Яму могуць выставіць абвінавачаньне”, – заявіў Сухарэнка.

Апазыцыйныя кандыдаты рашуча адхілілі абвінавачаньні. У чацьвер, выступаючы ў Барысаве, Аляксандар Мілінкевіч сказаў: “19 сакавіка мы выйдзем з кветкамі”. “Мы мірныя людзі, мы не зьбіраемся рабіць нейкіх тэрактаў, але мы маем права сабрацца на плошчы ў Менску”, – заявіў кандыдат на пасаду прэзыдэнта.

У той жа дзень Аляксандар Казулін, сустракаючыся з выбарнікамі ў Менску ў кінатэатры “Дружба”, заявіў, што нестабільнасьць у краіне ўносіць не апазыцыя, а заявы старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі. З залі прагучала пытаньне: “Што, усіх пасадзяць?”

(Казулін: ) “Дык вось я пра гэта й пытаюся. Гэта заява афіцыйнай асобы, старшыні КДБ. Скажыце, хто сёньня ўносіць гэтую нестабільнасьць? І як можна казаць пра тэрарызм, калі ў людзей абсалютна мірныя настроі”.

Спадар Казулін заявіў, што не зьяўляецца прыхільнікам рэвалюцыяў і гвалту, але зьяўляецца прыхільнікам рэвалюцыі ў сьвядомасьці людзей, якая ўжо адбываецца.

15 сакавіка быў затрыманы старшыня АГП Анатоль Лябедзька. У аўтамабілі апазыцыянэра зрабілі ператрус. На яго склалі пратакол паводле трох артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу. Лябедзьку абвінавацілі ў дробным хуліганстве, у парушэньні правілаў паркаваньня аўтамабіля і парушэньнях пры распаўсюджваньні друкаванай прадукцыі. Ноч палітык правёў у пастарунку, але потым быў вызвалены да суду. Сам Анатоль Лябедзька лічыць, што масавыя арышты апазыцыянэраў – гэта сьведчаньне таго, што дзейныя ўлады трацяць кантроль над сытуацыяй.

(Лябедзька: ) “ Ну, страшна... Страшна... Я ўчора са Смалявічаў прыехаў. Там была поўная заля. Выйшлі там двое прыхільнікаў Лукашэнкі, дык быў і сьвіст, і гоман. А трэба ж зрабіць ім 78%. Адкуль яны возьмуць гэтыя 78%? Шалёна баяцца 19 сакавіка. Паніка. Яны так страшылі людзей, што самі не заўважылі, як гэтым страхам заразіліся”.

З пачатку тыдня затрыманьні актывістаў выбарчых камандаў Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча набылі масавы характар. У панядзелак у Менску былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту 5 украінскіх грамадзянаў, якія ў нядзелю прысутнічалі на перадвыбарчым мітынгу Мілінкевіча.

Калі ў папярэднія тыдні актывістаў выбарчых штабоў затрымлівалі на кароткія тэрміны і пераважна за выбарчую агітацыю, то на гэтым тыдні абвінавачаньні набылі выразна штучны характар – удзельнікаў выбарчай кампаніі затрымлівалі па абвінавачаньнях у дробным хуліганстве, нецэнзурнай лаянцы і асуджалі да тэрмінаў адміністрацыйнага арышту. Пінск, Горадня, Берасьце, Наваполацак, Жодзіна, Віцебск, Ворша, Гомель – вось няпоўны набор гарадоў, дзе супраць палітычных актывістаў дзейнічалі паводле такога сцэнару.

У прыватнасьці, 14 сакавіка на вуліцы быў затрыманы актывіст незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Мікіта Сасім. У міліцэйскім пастарунку ў яго пачаўся прыступ апэндыцыту, і яго адвезьлі ў 9-ы клінічны шпіталь. Давялося рабіць апэрацыю. Міліцыя пільнавала Сасіма і ў рэанімацыі.

(Сасім: ) “Супрацоўнік міліцыі пачаў на мяне крычаць. Пагражаў, што калі я ня лягу, то ён прымацуе мяне да ложка кайданкамі. Ён так і зрабіў”.

У сераду Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што з пачатку выбарчай кампаніі было затрымана больш як трыста актывістаў ягонай каманды па ўсёй краіне. Звыш пяцідзесяці чалавек знаходзяцца ў турмах.

Кандыдат ня выключыў, што сам будзе арыштаваны, але выказаў упэўненасьць, што гэта толькі ўздыме пратэставыя настроі ў краіне.

(Мілінкевіч: ) “Улада ня здольная ўвогуле размаўляць зь людзьмі, яна дзейнічае толькі з пазыцыі сілы. Гвалт, рэпрэсіі, затрыманьні людзей і іншае – гэтым улада паказвае, што яна ня здатная да дыялёгу зь людзьмі. Калі сіла ўлады – зброя, то наша зброя вельмі простая: мы гаворым людзям праўду”.

З аўторка ў краіне пачалося датэрміновае галасаваньне. Адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў рабілі ціск на сваіх супрацоўнікаў, каб забясьпечыць як мага больш высокую яўку на датэрміновае галасаваньне. Напрыклад, у сераду ў мястэчку Казлоўшчына на Дзятлаўшчыне з самай раніцы звозілі людзей з навакольных вёсак на датэрміновае галасаваньне. Для гэтага выдзелілі спэцыяльныя аўтобусы. Дэпутат раённага савету Пётар Цярэшка пайшоў на ўчастак у якасьці назіральніка. Зь ягоных словаў, у людзей нават не пыталі пашпартоў, бо прывозілі проста з працы.

(Цярэшка: ) “Маладыя ідуць галасаваць, са школы настаўнікі, зь бібліятэкі, што тут побач. “Змушаюць”, – кажуць. “Ну, што я зраблю, калі мяне прымушаюць?” – скардзяцца. Вось і ўсё. Ідуць людзі”.

Сама старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына таксама прагаласавала датэрмінова 15 сакавіка.

(Ярмошына: ) “У мяне папросту ня будзе магчымасьці прыехаць і прагаласаваць. А я хацела б аддаць свой голас. Думаю, уся мая сям’я будзе галасаваць датэрмінова. Бо ўва ўсіх ёсьць свае пляны. Сын працуе ў пракуратуры і, мабыць, будзе дзяжурыць у гэты дзень. Таму, мяркую, мы ўсе будзем галасаваць датэрмінова: гэтак вымушаюць акалічнасьці працы”.

Ужо за першыя 3 дні датэрміновага галасаваньня ў ім, паводле афіцыйных зьвестак, узялі ўдзел больш за 9% выбарнікаў.

На пачатку тыдня смаленскі паліграфічны камбінат адмовіўся друкаваць незалежныя беларускія выданьні – “Народную Волю”, “БДГ. Деловая газета” і газэту “Товарищ”, якім адмоўлена ў друкаваньні на тэрыторыі Беларусі. Скасаваньне дамовы з боку кіраўніцтва паліграфкамбінату выдаўцы газэт палічылі незаконным і палітычна матываваным.

На гэтым тыдні ў Мсьціслаўскім раёне быў затрыманы 60-тысячны наклад выдадзенай у Смаленску падробленай газэты “Советская Белоруссия”. У газэце былі надрукаваныя матэрыялы, якія нібыта былі падпісаныя прозьвішчамі сапраўдных журналістаў гэтага выданьня. Імітуючы стыль журналістаў “СБ”, аўтары падробленага выданьня пісалі пра тое, што Беларусі неабходны царызм, што ў нас ужо ёсьць гатовы цар і г.д. Тыраж падробленай газэты быў замоўлены незарэгістраваным рухам “Хопіць”.

А ўласна “Советская Белоруссия” выйшла на гэтым тыдні накладам больш за 800 тысяч паасобнікаў (зазвычай газэта выходзіць паўмільённым тыражом). У спэцвыпуску артыкулы “Цветная напасть” з крытыкай тэхналёгій “каляровых рэвалюцыяў”, “Мощь на марше” – пра магутнае беларускае войска, “Добрая энергия” – пра цырымоніі “пуску газу” з удзелам Лукашэнкі, а таксама матэрыялы “Власть для народа”, “Достаток вырос”.

Два наклады газэты “Народная Воля” заставаліся пад арыштам у будынку абласной управы міліцыі Віцебску. Адзін з выпускаў накладам 250 тысяч паасобнікаў знаходзіцца там з 3 сакавіка, другі (27 тысяч асобнікаў) – з 14 сакавіка.

17 сакавіка ў Менску міліцыя затрымала 200-тысячны наклад газэты Партыі камуністаў “Товарищ”, прывезены з Масквы.

17 сакавіка кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Казулін і Мілінкевіч падпісалі адкрыты зварот да сілавых структур і кіраўніцтва міністэрстваў і судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь. Кандыдаты заявілі аб недапушчальнасьці сілавых захадаў, а таксама запатрабавалі неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і актывістаў штабоў кандыдатаў на прэзыдэнта. Мілінкевіч і Казулін падпісалі таксама сумесную заяву аб недаверы Цэнтравыбаркаму і з патрабаваньнем яго роспуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG