Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень да выбараў: пляны кандыдатаў у прэзыдэнты


Іна Студзінская, Менск Сёньня – апошні дзень агітацыйнай кампаніі на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Чым займаюцца ў суботу кандыдаты ў прэзыдэнты?

Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч у суботу “ідзе ў народ”.

(Гайдукевіч: ) “Я з раніцы выходжу на вуліцы. Перакрываем усё каля Камароўкі. Усяго выходзіць 160 чалавек. 122 ідуць на Камароўку і да выхадаў з мэтро, астатнія са мной ідуць. У нас жа куча нагляднай агітацыі. Ува ўсіх абласьцях ідзе масавая раздача і расклейваньне. Увесь горад заклеілі, вы што, ня бачыце? А будзе яшчэ ў 10 разоў больш”.

Аляксандар Лукашэнка ніякіх перадвыбарчых акцыяў не праводзіць, не перастае паўтараць прэсавы сакратар ягонага штабу Дзьмітры Косьцін.

(Косьцін: ) “Наконт кандыдата я кожны раз адзначаю, што Аляксандар Лукашэнка выконвае абавязкі прэзыдэнта, і ў агітацыйных мерапрыемствах так, як гэта робяць апанэнты, ён не прымае ўдзелу”.

А вось апанэнты ў суботу будуць даволі актыўныя. Гаворыць прэсавая сакратарка штабу Аляксандра Казуліна Ніна Шыдлоўская:

(Шыдлоўская: ) “Улічваючы тое, што сытуацыя ўвесь час напружваецца і мяняецца, у суботу будзе праводзіцца сустрэча з выбарцамі, а таксама сустрэча з прадстаўнікамі прэсы, якія цяпер прыехалі з-за мяжы і хочуць у Казуліна ўзяць інтэрвію. Таксама цалкам магчымая яго прысутнасьць на канцэрце, які адбудзецца на плошчы Бангалор”.

У Аляксандра Мілінкевіча субота будзе таксама напружаная, сьцьвярджае прэсавы сакратар штабу Павал Мажэйка.

(Мажэйка: ) “У 12.00 Аляксандар Мілінкевіч правядзе сустрэчу з выбарцамі Менску на прыступках кінатэатру “Кіеў”, а ў 18.00 ён будзе на рок-канцэрце, які адбудзецца на плошчы Бангалор”.

А 17-й гадзіне на плошчы Бангалор будзе вялікі рок-канцэрт. Арганізатары канцэрту заяўку падалі за 15 дзён, а дазвол атрымалі толькі ў аўторак. У падтрымку Мілінкевіча адважыліся выступіць “N.R.M.”, “НэйраДзюбэль”, “Партызанская школа”, “IQ48”, Кася Камоцкая.

Гаворыць лідэр “НэйраДзюбэлю” Аляксандар Кулінковіч:

(Кулінковіч: ) “Настрой нармальны. Асьцярогі?.. Пасьля таго, як мы гралі на Бангалоры на дазволеным канцэрце, нас усіх пазабаранялі. Так што ёсьць падазрэньні, што цяпер можа быць яшчэ горш. Хочацца верыць, што ўсё-такі правілы ёсьць правілы”.

(Карэспандэнтка: ) “А якую публіку чакаеце?”

(Кулінковіч: ) “Нашу. “Дзюбэлеўскую”.

(Карэспандэнтка: ) “А рэпэртуар – што будзеце сьпяваць?”

(Кулінковіч: ) “Звычайную “дзюбэльскую” праграму, некалькі твораў з альбому “Танкі”. Мы ставімся да гэтага выступленьня як да звычайнага канцэрту”.
XS
SM
MD
LG