Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Мажэйка: “Мы зламалі страх у грамадзтве”


Любоў Лунёва, Менск Штабы кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна падсумоўваюць страты – адабраную друкаваную прадукцыю і колькасьць арыштаваных актывістаў. Гаворка ідзе пра сотні тысяч паасобнікаў агітацыйных матэрыялаў і пра дзясяткі людзей, якія працавалі на карысьць кандыдатаў або проста прыйшлі на сустрэчу з кандыдатамі і былі пазбаўленыя волі напярэдадні галасаваньня. Тым ня менш кіраўнікі штабоў адзначаюць, што атмасфэра, якая запанавала ў грамадзтве, дае ім падставы для аптымізму.

Цягам выбарчай кампаніі супрацоўнікі міліцыі і КДБ затрымалі каля чатырох сотняў чалавек. Большасьць зь іх фатаграфавалі, у некаторых здымалі адбіткі пальцаў, пасьля ператрусу забіралі агітацыйныя матэрыялы. За агітацыю і працу ў ініцыятыўнай групе Аляксандра Мілінкевіча некалькіх студэнтаў адлічылі з вучобы. Заведзена некалькі крымінальных справаў за графіці і за карыкатуры ў газэце. Пракуроры далі санкцыі на арышты некалькіх чалавек, у тым ліку сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якіх трымаюць у сьледчым ізалятары КДБ. Дзясяткі людзей адбываюць адміністрацыйныя арышты. Амаль усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Самы дынамічны быў апошні тыдзень кампаніі.

Нягледзячы на комплекс рэпрэсіўных мераў з боку ўладаў, сябры ініцыятыўных груп адчулі падтрымку грамадзкасьці. Гаворыць прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Лічым, што дасягнулі ў гэтай кампаніі самай важнай мэты – зламалі страх у грамадзтве. Ужо адчуваецца пах пераменаў. Гэты пах выклікае людзей на вуліцу. Сёньня людзі тэлефануюць, прыходзяць, кажуць: “Дайце якую-небудзь працу. Я хачу быць карысным, хачу ўзяць удзел у гэтых гістарычных падзеях”. Мы сёньня зьяўляемся сьведкамі жывой гісторыі, якая зьдзяйсьняецца на нашых вачах. Усё тое, што адбываецца ў гэтыя дні і будзе адбывацца 19-га, пасьля абавязкова ўвойдзе ў падручнікі найноўшай гісторыі Беларусі”.

Студэнтка Вераніка Шабанава тры дні таму была ў Польшчы. Яна кажа, што калі вярнулася і прыйшла на заняткі, то адразу заўважыла, як за кароткі час зьмяніўся настрой у студэнтаў і выкладчыкаў.

(Вераніка: ) “Усе гэтыя арышты і гэтае датэрміновае галасаваньне толькі падштурхоўваюць наш народ да зьменаў. Яны падштурхоўваюць прыняць ўрэшце гэтае рашэньне і прыкласьці ўсе намаганьні, каб зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне. Цяпер ужо ня будзе так, як раней. Улады самі не заўважылі, як апынуліся ў іншым грамадзтве, і ў гэтым грамадзтве ім ужо няма месца”.

Сёньня не працуюць суды, таму больш за дзясятак затрыманых учора актывістаў апазыцыі будуць знаходзіцца да суду ў спэцпрымальніках. Журналісты будуць высьветляць лёс сямёх дэпутатаў парлямэнту Грузіі, якіх затрымалі яшчэ 16 сакавіка і ўтрымлівалі на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту “Менск”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG