Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хэльсынская камісія ЗША: “Выбары ў Беларусі ператвараюцца ў фарс”


Ірына Віданава, Вашынгтон У пятніцу ўвечары старшыня Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША сэнатар Сэм Браўнбэк і сустаршыня гэтай камісіі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт станоўча ацанілі перададзены напярэдадні камітэту міжнародных адносінаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША даклад адміністрацыі амэрыканскага прэзыдэнта Джорджа Буша аб продажы Беларусьсю зброі і вайсковых тэхналёгіяў і аб асабістых даходах найвышэйшага беларускага кіраўніцтва.

Сэнатар Браўнбэк заявіў, што ён асабліва занепакоены заявамі беларускіх уладаў аб намеры пашырыць ядзернае супрацоўніцтва з Іранам, а таксама тым фактам, што ў леташнім траўні беларускі парлямэнт ратыфікаваў пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне бясьпекі з Іранам. Сэм Браўнбэк выказаў заклапочанасьць сувязямі беларускага ўраду з Сырыяй, Суданам і іншымі крытыкаванымі на Захадзе рэжымамі.

Сустаршыня Хэльсынскай камісіі кангрэсмэн Сьміт падкрэсьліў, што даклад пацьвярджае інфармацыю аб злоўжываньнях рэжымам Лукашэнкі грамадзкімі рэсурсамі. Паводле Сьміта, вывады, зьмешчаныя ў дакумэнце, дакладна адлюстроўваюць паводзіны дыктатара, для якога дабрабыт беларускага народу не зьяўляецца прыярытэтам.

На думку дарадцы Хэльсынскай камісіі Орэста Дэйчакіўскага, значэньне перададзенага ў амэрыканскі Кангрэс дакладу ў тым, што ўпершыню шматлікія факты беларускага гандлю зброяй і карумпаванасьці ўладаў Лукашэнкі былі сабраныя ў афіцыйным дакумэнце, падрыхтаваным урадам ЗША. “Гэты даклад дапаможа многім у Беларусі даведацца пра тое, што насамрэч робіць урад Лукашэнкі”, – адзначыў Дэйчакіўскі ў тэлефонным інтэрвію Радыё Свабода.

У прэс-рэлізе, распаўсюджаным ад імя Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША ўвечары ў пятніцу, заяўляецца, што выбары ў Беларусі ператвараюцца ў фарс і што сваімі дзеяньнямі Лукашэнка яшчэ раз пацьвердзіў рэпутацыю апошняга дыктатара ў Эўропе. Зьвяртаецца ўвага на тое, што дэмакратычныя актывісты масава арыштоўваюцца, наклады незалежных выданьняў канфіскоўваюцца, замежныя назіральнікі высылаюцца зь Беларусі, а ўдзел у мірных дэманстрацыях расцэньваецца як тэрарызм. У прэс-рэлізе Хэльсынскай камісіі адзначаецца, што толькі на працягу аднаго дня беларускія ўлады затрымалі групу грузінскіх парлямэнтароў і адмовілі ў візах прадстаўнікам Эўрапейскага парлямэнту ды двум супрацоўнікам Хэльсынскай камісіі, якія зьбіраліся прыехаць у Беларусь у якасьці назіральнікаў. Сэнатар Браўнбэк заявіў: “Усе гэтыя факты паказваюць на тое, што рэжым баіцца ўласнага народу і не зьбіраецца праводзіць адкрытых і справядлівых выбараў”.
XS
SM
MD
LG