Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кроніка затрыманьняў у рэгіёнах


Радыё Свабода Сёньня па ўсёй Беларусі працягваліся затрыманьні актывістаў выбарчых штабоў апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Толькі ў Горадні за апошнія некалькі дзён арыштавалі ўжо дзесяць чалавек.

На сем сутак арыштавалі сёньня ў Горадні Артура Сьмятаніна з каманды Аляксандра Казуліна, які расказаў нашаму карэспандэнту падрабязнасьці затрыманьня. Сьмятанін распаўсюджваў учора агітацыйныя матэрыялы Аляксандра Казуліна, калі яго затрымаў міліцыянт у цывільным — спачатку сказаў, што Артура абвінавацяць у тым, што ён нібыта ўзломваў паштовыя скрынкі, але ўрэшце ў пратаколе запісалі, што ён лаяўся.

Яшчэ аднаго актывіста, назіральніка Андрэя Мялешку затрымалі ўчора ў 23 гадзіны й пасадзілі ў спэцпрыёмнік, куды раней трапілі іншыя гарадзенскія актывісты выбарчай кампаніі ад дэмакратычных сілаў. Ён апынуўся ў адной камэры з Максімам Губарэвічам з каманды Мілінкевіча, якога раней пасадзілі на сем сутак. А па суседзтве знаходзіўся Андрэй Пачобут — журналіст, актывіст Саюзу палякаў. У судовай залі ён абвясьціў, што пачне сухую галадоўку. Гаворыць Андрэй Мялешка:

(Мялешка: ) “Я ведаю, што Пачобут не падпарадкоўваецца міліцыянтам. Яны камандуюць: устаць! А ў адказ чуецца голас Пачобута: палітычныя не ўстаюць! Ну, і ўсё: ён галадае і ў камэры сядзіць, па-мойму, адзін”.

Кіраўніка ашмянскай ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Пётра Явідовіч арыштавалі побач з домам і адвезьлі ў пастарунак, не патлумачыўшы прычынаў. Пазьней ў міліцыю зьвярнулася яго сястра з тым, каб ёй патлумачылі прычыну арышту. Паводле яе слоў Пётру Явідовіча вінавацяць ў тым, што ён агітаваў людзей для паездкі 19 сакавіка ў Менск. Родныя прынесьлі яму перадачу: харчы і цёплае адзеньне. Ад харчоў ён адмовіўся і сказаў, што на знак пратэсту супраць незаконнага затрыманьня аб’яўляе галадоўку.

Сёньня ў кабінэце ўрача Шчучынскага раённага шпіталю Васіля Бязьмена адбыўся ператрус. Канфіскавалі падшыўку старых газэтаў і асобнік Канстытуцыі СССР. Васіля Бязьмена забралі ў міліцыю. Нагадаем, шчучынскай пракуратурай узбуджана крымінальная справа па артыкуле Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках). У якасьці падазронага ў гэтай справе арыштаваны і знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Сяргей Ляшкевіч, кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча.

Кіраўніку Смаргонскага штабу Мілінкевіча Алеся Дзяргачова пасадзілі на пяць сутак нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі. Дзергачова судзілі пасьля заканчэньня працоўнага дня, старшыня раённага суду Мікалай Шэлег зачытаў прысуд у 19.40. Раніцай пасадзілі таксама на пяць сутак ягонага калегу па камандзе А.Мілінкевіча Юрыя Кутузава.

Кіраўніка штабу Мілінкевіча ў Пружанах Уладзімера Радзівончыка 3 гадзіны трымалі на беларуска-польскай мяжы. Акрамя правядзеньня пільнага асабістага дагляду ён быў дапытаны ў памяшканьні берасьцейскай мытні. Уладзімер Радзівончык паведаміў, што ў часе допыту ад яго патрабавалі даць фальшывыя зьвесткі у адносінах да кіраўніка Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Увечары 16 сакавіка мiлiцыянты ўварваліся ў офіс гарадзкога штабу Мiлiнкевiча, а ноччу — у абласны штаб Казуліна.

Берасьцейскі штаб Мілінкевіча, дзе ў той час знаходзіліся чатыры актывісты выбарчай кампаніі, быў ачэплены двума дзясяткамі мiлiцыянтаў. Актывістам штабу Мілінкевіча далі зразумець, што калі яны зноў зьявяцца ў гэтым будынку, iх абвiнавацяць у незаконным пранiкненьнi ў памяшканьне.

Ноччу міліцыянты наведалі таксама берасьцейскі абласны штаб Казуліна. Іх цікавіла, што робяць у гэты час у штабе актывісты выбарчай кампаніі й ці дазволіў знаходзіцца ў гэтым памяшканьні гаспадар будынку.

Сёньня у Віцебску Суд Чыгуначнага раёну асудзіў Кастуся Смолікава, старшыню гарадзкой арганізацыі БНФ, сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, за непадпарадкаваньне міліцыянтам. Спадара Смолікава затрымалі сёньня аб 11-й раніцы на транспартным прыпынку на вул.Касманаўтаў — без тлумачэньня хоць якіх прычын.

На Віцебшчыне адбываюць пакараньне яшчэ двое прыхільнікаў Аляксандра Казуліна: кіраўнік ягонага аршанскага штабу Васіль Берасьнеў і праваабаронца Валеры Шчукін, асуджаны ўчора нібыта за брыдкаслоўя і неахайны выгляд

У Берасьці з машыны кіраўніка абласнога штабу Мілінкевіча Юрася Губарэвіча зьнялі нумары, і таксама прабілі колы. Як паведаміў Губарэвіч, падчас паездак па Берасьці ягоную машыну пільнавалі адразу некалькі аўтамабіляў. Уладзімера Вялічкіна, які рабіў фотаздымкі гэтых аўтамабіляў, паводле ягоных словаў у судзе, затрымалі людзі ў цывільным і некалькі гадзінаў вазілі па гораду, накінуўшы мех на галаву. У судзе спадар Вялічкін быў пакараны на 5 сутак арышту паводле абвінавачваньняў у дробным хуліганстве і выказваньні нецэнзурных словаў.

І на заканчэньне адзін нетыповы прыклад.

Сёньня ў полацкім гарадзкім судзе слухалася адміністрацыйная справа Паўла Севярынца: вядомы палітык, які зараз адбывае пакараньне абмежаваньня волі (гэтак званую “хімію”) абвінавачваўся ў дробным хуліганстве.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Севярынец арганізаваў учора ўвечары бойку на Маласітненскім лесапункце, а таксама нецэнзурна лаяўся. Судзьдзя Алена Ягорава, азнаёміўшыся зь міліцэйскім пратаколам і заслухаўшы сьведкаў, прызнала абвінавачаньні на адрас Паўла Севярынца беспадстаўнымі й спыніла справу.

Гэта ці ня першы за апошні час выпадак, калі судзьдзя апраўдаў апанэнта ўладаў.

Адразу пасьля судовага паседжаньня “палітхімік” быў адвезены ў Ветрынскую спэцкамэндатуру, дзе на дадзены момант і знаходзіцца. Паводле начальніка камэндатуры Ігара Дамуця, неўзабаве Павал Севярынец вернецца ў Малое Сітна, дзе адбывае пакараньне абмежаваньнем волі.
XS
SM
MD
LG