Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін і Мілінкевіч заклікалі да ўдзелу ў акцыі 19 сакавіка


Радыё Свабода Сёньня кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч правялі супольную сустрэчу з выбарцамі ў перапоўненай залі менскага кінатэатру “Электрон”. Абодва кандыдаты заклікалі суграмадзянаў да ўдзелу ў акцыі пратэсту ў цэнтры Менску супраць несумленных выбараў 19 сакавіка.

Аляксандар Казулін выказаў упэўненасьць, што два новыя дэмакратычныя лідэры здольныя набраць 60 адсоткаў галасоў і такім чынам дамагчыся другога туру выбараў. Такой жа думкі і Аляксандар Мілінкевіч, які, спасылаючыся на сацыялягічныя зьвесткі, заявіў, што за Аляксандра Лукашэнку гатовыя галасаваць толькі каля 40 адсоткаў грамадзянаў. Іншы вынік будзе сьведчыць аб фальсыфікацыях, перакананы спадар Мілінкевіч.

Аляксандар Казулін падтрымаў заклік Аляксандра Мілінкевіча выйсьці на цэнтральную плошчу Менску 19 сакавіка на знак пратэсту супраць несумленных выбараў.

(Казулін: ) “Другога варыянту сказаць “не” фальсыфікацыям няма. Выходзьце з кветкамі, усьмешкамі, з балёнікамі, купіце па некалькі ледзянцоў, шакалядных цукерак. Нас на плошчы будзе нашмат больш, чым сілавых структур, міліцыянтаў. Дайце цукеркі злым дзядзькам!”

Аляксандар Казулін сказаў, што калі Кастрычніцкая плошча будзе блякаваная міліцэйскімі сіламі, то ў Менску ёсьць шмат іншых пляцовак і ўсе блякаваць немагчыма. Аляксандар Мілінкевіч назваў цяперашнія выбары фарсам, заявіў, што іх праводзяць ня выбарчыя камісіі, а сілавыя структуры:

(Мілінкевіч: ) “Мы маем права паводле Канстытуцыі выйсьці на плошчы мірна і з кветкамі. Я выйду таксама са сваімі сынамі, мы маем права сказаць “не” рэжыму, які не паважае свайго народу. Сёньня сапраўды ўлада ня можа выйграць у першым туры, у яе няма такой падтрымкі, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі. Мы выйдзем і скажам: як мінімум – другі тур, сумленныя выбары. Мы – ня быдла, урэшце”.

Учорашнія запалохваньні старшыні КДБ і міністра ўнутраных справаў Аляксандар Мілінкевіч параўнаў з ГКЧП. На думку А. Казуліна, у сілавых структурах цяпер паніка, бо там служаць людзі, якія не падымуць рукі на свой народ. Сам спадар Казулін заявіў, што ў філязофскім разуменьні жыцьця ён дайшоў да такога ўзроўню, што не баіцца сьмерці.

(Казулін: ) “І я буду шчасьлівы і рады, калі маё жыцьцё спатрэбіцца вам, народу Беларусі, я аддам яго бяз страху і шкадаваньня. Каб толькі вы ўсталі з каленяў і адчулі сябе людзьмі! Каб чаша цярпеньня народнага перапоўнілася і зьмяла іх, як гнілую нечыстоту…”

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што выбарчая кампанія стварыла новую сытуацыю ў краіне, многіх ужо пазбавіла страху:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што ўлада ўжо шкадуе, што зарэгістравала незалежных кандыдатаў, бо слова праўды – гэта самая страшная зброя для яе. Яны памыліліся. Народ не інэртны, ён палітызуецца. Улада праводзіць жорсткія рэпрэсіі, не пераймаючыся нават тым, каб зрабіць імітацыю сумленных выбараў, бо ў іх дзікі панічны страх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG