Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Віцебшчыны скардзяцца на парушэньні выбарчага заканадаўства (фота)


Радыё Свабода Жыхар Віцебску распавёў, як яго хацелі завезьці на датэрміновае галасаваньне з уласнае кватэры. Пра тое, як галасаваць возяць з працы, гавораць прадстаўнікі розных рэгіёнаў вобласьці.

Да Яна Дзяржаўцава, які жыве ў Віцебску на вуліцы Цітова, учора завіталі дзьве настаўніцы з гімназіі №4.

(Дзяржаўцаў:) “Званок у дзьверы. Стаяць дзьве жанчыны. Кажуць: “Мы запрашаем вас на выбарчы ўчастак. Мы вось ходзім па кватэрах, машына стаіць каля ганку, так што і назад прывязем дадому” . Я ў іх запытаўся: “Вы толькі пэнсіянэраў возіце?” Адказваюць: “Не, усіх. Малая яўка пакуль. Гэта трэба, каб адбыліся выбары”.

У выбарчай камісіі пацьвердзілі тое, што машына па выбарцаў езьдзіла, аднак сказалі, што на ўчасткі вазілі выключна нямоглых людзей, якія выказалі жаданьне прагаласаваць датэрмінова, і менавіта 16-га сакавіка.

(Спадарыня:) Машына прыяжджала па тых, хто ня можа хадзіць сваімі нагамі, але хоча прагаласаваць менавіта ў гэта дзень. Больш машына не паедзе, не, не, не, не! Усё, цяпер толькі ў нядзелю”.

Ян Дзяржаўцаў машыну з выбарчага ўчастку не выклікаў: яму 55 гадоў, і ён кажа, што цалкам здольны дайсьці да выбарчага ўчастка сваім ходам.

Пра тое, як людзей вывозяць галасаваць проста з працоўных месцаў, распавядаюць многія жыхары рэгіёну. Да пракладу, спадар Віктар патэлефанаваў зь Мёраў.

(Спадар Віктар:) “Значыць, людзей з “Мёрскіх электрасетак” пасадзілі на машыны і павезьлі на выбарчыя ўчасткі. Людзі прыбеглі сюды, мне скардзіцца. Недзе 70 чалавек там працуюць, і сказалі, што з выбарчых участкаў пойдзе інфармацыя ў райвыканкам. Усіх начальнік сабраў і сказаў, што таго, хто не прагаласуе, звольніць з працы”.

Паводле спадара Віктара, распараджэньне кіраўніцтва было вуснае. У адміністрацыі прадпрыемства “Мёрскія электрасеткі” адмовіліся пацьвердзіць, што на датэрміновае галасаваньне рабочых вазілі ў працоўны час.

Каб мець хаця б нейкія доказы наяўных парушэньняў заканадаўства, працаўнікі Глыбокага мясакамбінату, да прыкладу, здымалі вываз людзей на ўчасткі фотакамэрамі ў мабільных тэлефонах. А рабочыя віцебскага домабудаўнічага камбінату разаслалі па розных электронных адрасах у інтэрнэце фотакопію загаду свайго генэральнага дырэктара, дзе напісана пра арганізацыю датэрміновага галасаваньня ў працоўны час, а таксама дадзеныя рэкамэндацыі, за якога кандыдата галасаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG