Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча хоча пашырэньня абшару нармальнасьці ў Эўропе


Аляксей Дзікавіцкі, Баршава Віцэ-сьпікер польскага Сэйму Браніслаў Камароўскі заявіў нашаму радыё, што падтрымка палякамі дэмакратычных зьменаў ў Беларусі – рэч натуральная, бо беларусы гэта “бліжэйшыя сваякі” палякаў.

Апошнім часам праз Польшчу прайшла сапраўдная хваля акцыяў салідарнасьці зь Беларусьсю – чагосьці такога не было ніколі ў ніводнай замежнай краіне. Браніслаў Камароўскі, аднак, лічыць, што ў гэтым няма нічога незвычайнага.

(Камароўскі: ) “Беларусы - гэта нашы бліжэйшыя сваякі, мы вельмі блізкія гістарычна, культурна, геаграфічна, так што наадварот - дзіўна было б, каб мы іх не падтрымлівалі. Зварот “Салідарнасьці” у 1981 годзе да паняволеных народаў усходняй і цэнтральнай Эўропы для мяне надалей актуальны – толькі цяпер гэтая мара аб свабодзе ўсіх усходнеэўрапейскіх народаў пачынае зьдзяйсьняцца. Беларусь – адзін з апошніх элемэнтаў старога парадку. Мы хочам, каб тое, што маем мы – свабода і дэмакратыя – меў таксама і братні беларускі народ”

Дзяржаўная прапаганда нярэдка кажа пра нейкія карысьці палякаў, якія яны атрымаюць ад зьмены ўлады ў Беларусі. Што пра гэта думае Браніслаў Камароўскі?

(Камароўскі: ) “Што Польшча можа атрымаць? Акрамя пачуцьця ўласнай прыстойнасьці, ёсьць вялікая мэта – пашырэньне абшару нармальнасьці ў Эўропе. Беларусь можа быць пад уплывам усходняга суседа, альбо там могуць функцыянаваць мэханізмы, тыповыя для эўрапейскіх дэмакратыяў. Гэта ў інтарэсах Польшчы, бо гаспадарчая нармальнасьць - гэта простыя гандлёвыя кантакты, нармальнасьць палітычная – гэта кантакты паміж кіраўніцтвам нашых краінаў, нармальнасьць у іншых сфэрах – гэта ўзаемны культурны абмен, кантакты паміж людзьмі, усё што важна для любога вольнага чалавека”.

Нярэдка можна пачуць, што падтрымліваючы дэмакратычныя сілы ў Беларусі, Польшча рызыкуе ізноў, як у выпадку Украіны, сапсаваць дачыненьні з Расеяй, бо Масква і Варшава зусім іначай глядзяць на сытуацыю ў Беларусі. Новы расейскі пасол у Менску кажа, што з дэмакратыяй “няма праблемаў”, а польскія палітыкі ў лепшым выпадку называюць цяперашні палітычны лад у Беларусі “аўтарытарным”...

(Камароўскі: ) “Ведаеце, дэмакратыяй прыкрываліся таксама Сталін ці Ленін, толькі слова дадавалі “народная”. Магчыма ёсьць нейкая “лукашэнкаўская” форма дэмакратыі, якая можа падабацца расейскаму амбасадару, але мы прыхільнікі таго, каб у Беларусі была дэмакратыя ў агульназразумелым сэнсе гэтага слова. Прычым палякам абсалютна ўсё адно, каго, якую палітычную партыю беларусы абяруць кіраваць сваёй краінай, з кім захочуць сябраваць – з Усходам ці з Захадам. Галоўнае, каб яны маглі самі зрабіць свабодны выбар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG