Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Лазавік пра заявы Казуліна і Мілінкевіча: “Гэта іх пэўны піяраўскі крок”


Радыё Свабода Сёньня кандыдаты ў прэзыдэнты Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч падпісалі супольныя заявы.

У заяве да сілавых і судовых структураў абодва кандыдаты патрабуюць вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і затрыманых падчас выбарчай кампаніі. Яны патрабуюць ад праваахоўных органаў, каб тыя не выконвалі загадаў, якія, на іх думку, правакуюць праліцьцё крыві і гвалт. Кандыдаты заяўляюць, што ў краіне створана абстаноўка, у якой немагчыма правядзеньне свабодных, празрыстых і сумленных выбараў.

Мілінкевіч і Казулін заявілі пра недавер Цэнтарвыбаркаму і патрабуюць яго роспуску. Таксама прапануецца прызначыць прэзыдэнцкія выбары не пазьней за 16 ліпеня 2006 году. Як рэагавалі на гэтыя заявы ў афіцыйных структурах?

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў, што не чытаў гэтай заявы кандыдатаў.

(Лазавік: ) “Гэта іх пэўны піяраўскі крок. Яны ўвязаліся ў вялікую палітычную гульню. І, напэўна, трэба нейкія гучныя заявы рабіць”.

Мікалай Лазавік кажа, што абодва кандыдаты, маўляў, увесь час робяць піяраўскія крокі.

(Лазавік: ) “Ідуць на ўсемагчымыя правакацыі. Нехта ломіцца ў дзьверы, нехта несанкцыянаваныя нейкія мерапрыемствы ладзіць…Галоўнае, як мага гучней заявіць пра сябе”.

Спадар Лазавік, аднак, пакуль устрымаўся ад ацэнак, ці мае падставы гэтая заява кандыдатаў пра роспуск ЦВК, тэрытарыяльных і ўчастковых выбаркамаў. Маўляў, няхай пра гэта думаюць іншыя. Пры гэтым ён задае сабе пытаньне:

(Лазавік: ) “Тэрытарыяльныя за што распускаць? За тое, што дапусьцілі іх да рэгістрацыі, так ляяльна праверыўшы іх, подпісы ці што?”

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава лічыць, што наўрад ці гэтая заява будзе сур’ёзна разглядацца структурамі, якім яна адрасаваная. Паводле спадарыні Абрамавай, нават яе аўтары не разьлічваюць на рэальны эфэкт. Дэпутат Анатоль Красуцкі ня бачыць ніякіх парушэньняў у прызначэньні даты выбараў.

(Красуцкі: ) “Хлопцы адыгралі ўвесь сцэнар перадвыбарчай кампаніі, а за дзень да выбараў яны прачнуліся. Заявы не нясуць у сабе ні прававога, ні іншага значэньня, акрамя элемэнтарнага палітычнага піяру. Гэта апошні такі піск і нічога болей”.
XS
SM
MD
LG