Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты актывістаў працягваліся на Меншчыне і Гомельшчыне


Радыё Свабода На Меншчыне і Гомельшчыне сёньня працягваліся арышты і перасьледы актывістаў апазыцыі.

У Барысаве сёньня быў затрыманы кіраўнік мясцовага выбарчага штабу Мілінкевіча Леў Марголін. Вось што ён распавёў Радыё Свабода:

(Марголін: ) “Я ехаў па горадзе, спыніўся. Відаць, за мной было назіраньне. Мяне затрымалі і прысудзілі 10 сутак адміністратыўнага арышту”. (Карэспандэнт: ) “За што?” (Марголін: ) “За арганізацыю і правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства – сустрэчы кандыдата ў прэзыдэнты з выбаршчыкамі”.

Гэтая сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам адбылася ў Барысаве ўчора. Мясцовы гарвыканкам адмовіў Льву Марголіну ў правядзеньні яе ў кінатэатры “Кастрычнік”, і таму выступ кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі перад жыхарамі адбыўся на вуліцы. Спадар Марголін лічыць свой арышт неабгрунтаваным.

У Гомелі быў затрыманы сёньня намесьнік старшыні абласнога штабу Мілінкевіча Юрась Захаранка. Вось што пра гэта паведаміў яго паплечнік Андрэй Толчын:

(Толчын: ) “Калі ён выходзіў з крамы, да яго падыйшлі людзі ў цывільным, сказалі, што ён быццам бы хістаецца. Вось яго забралі і зараз ён знаходзіцца ў Савецкім РАУС, сувязі зь ім няма”.

Кіраўнік Гомельскага абласнога штабу Мілінкевіча Уладзімір Кацора паведаміў і пра іншыя затрыманьні, якія мелі месца сёньня ў гэтым рэгіёне:

(Кацора: ) “Шыцікаў затрыманы”. (Карэспандэнт: ) “Што вядома пра Шыцікава?” (Кацора: ) “Нічога. Тое самае, што і пра Захаранку. Уладзімір Целяпун затрыманы. Ён кіраўнік штабу па Мазыры. Таксама адключаны мабільнік. Распаўсюджваў праграму Мілінкевіча. Сёньня пачаліся прэвэнтыўныя затрыманьні. З чым гэта зьвязана, пакуль цяжка сказаць”.

У Рэчыцы ў поле зроку мясцовай міліцыі патрапіў актывіст каманды Казуліна Леанід Невар:

(Невар: ) “Сёньня патэлефанавалі зь міліцыі і паведамілі, што мяне выклікае намесьнік начальніка міліцыі па крымінальных справах. Я адказаў, што я не хаджу, паводле тэлефанаваньняў. І што я, мае сваякі і дзеці нічога не зьдзяйсьнялі крымінальнага”.

А на Узьдзеншчыне перасьлед мясцовага актывіста каманды Казуліна Віктара Крываля пачала пракуратура. Паводле яго тлумачэньняў, гэта зьвязана з выказваньнямі актывіста наконт фальсыфікацыяў вынікаў выбарчых кампаній, у прыватнасьці, у гэтым раёне:

(Крываль: ) “Гэта праўда. У мяне ёсьць сьведкі – вялікая колькасьць сьведкаў. І калі справа дойдзе да суду, то я ў любым выпадку змагу даказаць тое, што бачыў на свае вочы, і тое, што бачылі іншыя людзі. Я лічу, што такі спосаб фальсыфікацыяў быў ня толькі ў Узьдзенскім раёне”.
XS
SM
MD
LG