Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму “апошні дыктатар” Эўропы можа перамагчы на выбарах?”


Радыё Свабода На гэтае пытаньне шукаў адказу ў беларускім горадзе Жодзіне журналіст амэрыканскай газэты “Christian Science Monitor”Фрэд Уэйр.

Карэспандэнт падкрэсьлівае, што гэта крытычна важныя выбары ў Беларусі, былой савецкай рэспубліцы з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавек, якую Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША называе “апошнім бастыёнам тыраніі ў Эўропе”. Спадар Лукашэнка, які два гады таму зьмяніў Канстытуцыю, каб дазволіць сабе трэці раз запар удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, пераконвае, што ён гуляе паводле дэмакратычных правілаў, адкрыта і сумленна спаборнічаючы з трыма сур’ёзнымі кандыдатамі на гэтую пасаду. На думку журналіста Фрэда Ўэйра, некаторыя падзеі, прыкладам, сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з выбарнікамі ў Жодзіне, пацьвярджаюць словы Лукашэнкі.

Аднак, незалежны менскі сацыёляг Алег Манаеў лічыць, што “Лукашэнка дапушчае асобныя дэмакратычныя зьнешнія атрыбуты, паколькі яму трэба паказаць сьвету сваю легітымнасьць”. Газэта “Christian Science Monitor” падае факты нападаў на апазыцыю. За мінулы месяц былі затрыманыя амаль 300 прыхільнікаў Мілінкевіча, многія зь іх былі арыштаваныя на 15 сутак, былі зачыненыя дзясяткі незалежных газэт і няўрадавых арганізацыяў, а большасьць сходаў апазыцыі забаранілі.

Газэта піша, што палітыка, зусім верагодна, умешваецца ў электаральны працэс, бо ў краіне, дзе 80 працэнтаў эканомікі належыць дзяржаве, ёсьць маса магчымасьцяў для прымусу выбарнікаў. У якасьці пацьверджаньня падаюцца словы Анатоля, які працуе ў Жодзіне на заводзе БелАЗ: “На нашым заводзе начальства кажа, што, калі ты хочаш працягваць працаваць, дык лепей табе прагаласаваць за Лукашэнку”. Анатоль заявіў журналісту “Christian Science Monitor”, што “гэта ўсё тая самая дыктатура, якая была і ў савецкія часы”.

Аднак, – адзначаецца ў артыкуле, – Лукашэнка ўсё яшчэ папулярны, і гэтая папулярнасьць тлумачыцца тым, што былы старшыня калгасу змог з дапамогаю жорсткага дзяржаўнага кантролю і нэакамуністычнага эканамічнага плянаваньня аднавіць разбураную постсавецкую эканоміку. Іншая справа, што эканамічныя посьпехі Беларусі вызначаныя моцнымі субсыдыямі паставак энэрганосьбітаў з Расеі і прывілеямі ў доступе на расейскі рынак беларускіх прамысловых вырабаў.

Аднак, паколькі, паводле ацэнак АБСЭ, у асьвятленьні выбарчай кампаніі на тэлевізіі 94 працэнты эфірнага часу атрымаў Лукашэнка, у выбарнікаў было мала магчымасьцяў пачуць меркаваньні, якія аспрэчваюць урадавыя вэрсіі выкладзеных фактаў.

На завяршэньне артыкулу ў газэце “Christian Science Monitor” журналіст Фрэд Уэйр падае думку жодзінскага чыгуначніка Івана Кнігі: “За Лукашэнкам справы пайшлі лепей, і мяне гэта задавальняе. Дык навошта нам галасаваць за кагосьці новага?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG