Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава: намёт каля беларускай амбасады стаіць пяты дзень (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ужо пяць дзён каля беларускай амбасады ў Варшаве стаіць намёт-інфармацыйны путнкт, у якім круглыя суткі знаходзяцца беларусы і палякі – прыхільнікі дэмакратычных пераменаў у Беларусі. За гэты час пра намёт зь бел-чырвона-белым сьцягам даведалася ўся Польшча, ён стаў таксама адной з прычынай выкліку польскага дыплямата ў Беларусі ў беларускі МЗС. Каля амбасады пабываў наш карэспандэнт.

Надвор’е ў Польшчы цягам апошніх некалькіх дзён добрым назваць нельга – холад зьмяняецца мокрым сьнегам, аднак тых, хто знаходзіцца ў намёце каля беларускай амбасады ў Варшаве гэта не палохае. Антось Цялежнікаў - старшыня Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі – ініцыятара акцыі – кажа, што прыхільнікі незалежных кандыдатаў, якіх масава арыштоўваюць у Беларусі, знаходзяцца ў значна горшых умовах. Размаўляем у намёце.

(Цялежнікаў: ) “Мы добра сябе адчуваем, бо знаходзімся тут у слушнай справе. Дадае сілаў тое, што адбываецца ў Беларусі, бо тым, хто цяпер на Акрэсьціна ці ў іншых вязьніцах у рэгіёнах, напэўна цяжэй. Гэта праява нашай салідарнасьці.

(Карэспандэнт: ) “Ці цікавяцца вашым намётам, падыходзіць хто?

(Цялежнікаў: ) “Так, цікавяцца і ня толькі беларусы, якія пытаюцца калі галасаваць – 19-га або цяпер, але і палякі прыходзяць каб падтрымаць. Гарбату гарачую прыносяць, як звычайныя людзі, так і знакамітасьці. Гэта сапраўдная салідарнасьць, якой цяпер патрабуе Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) “А якая рэакцыя супрацоўнікаў амбасады, ці яна ўвогуле ёсьць?

(Цялежнікаў: ) “Рэакцыя ёсьць не наўпрост да нас, а да афіцыйных польскіх прадстаўнікоў. Гэта сьведчыць аб тым, што яны не адчуваюць сябе бясьпечна. І гэта, бадай, самае лепшае, што мы можам тут зрабіць сваёй прысутнасьцю”.

(Карэспандэнт: ) Вас здымалі супрацоўнікі БТ....

(Цялежнікаў: ) “Яны здымалі толькі намёт паціху – можа шукалі нейкія моманты, каб потым паказаць, што мы тут невядома чым займаемся. З намі размаўляць не хацелі”.

Напрыканцы нашай размовы ў намёт завітала маладая Варшавянка – Караліна, якая, адпрасіўшыся з працы, прынесла хлопцам ежу.

(Караліна: ) “Мне неабыякавы лёс Беларусі. Хачу, каб гэтая краіна нарэшце стала сапраўды незалежнай і дэмакратычнай, таму падтрымліваю хлопцаў”.

Актывісты Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі кажуць, што на пачатку плянавалі застацца ў намёце да 19 сакавіка, але, магчыма, працягнуць тэрмін свайго знаходжаньня каля амбасады, у залежнасьці ад падзеяў у Беларусі.

XS
SM
MD
LG