Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Die Presse - пра бясьсільле Захаду на Усходзе Эўропы


Радыё Свабода “Чаму беларускі бацька нэрвуецца – ён жа і так мае добрыя шанцы легальна выйграць выбары”, задае пытаньне аглядальнік венскай газэты Die Presse. Аўтар узгадвае суворыя пагрозы беларускага КДБ, жорсткія дзеяньні сілавых структураў у дачыненьні да апазыцыі і замежных назіральнікаў.

Як піша Die Presse , “вялікія страты народу ў мінулым 20-м стагодзьдзі зрабілі беларусаў яшчэ больш паслухмянымі і цярплівымі”. “Тым больш што эканамічна ў беларусаў у параўнаньні зь іншымі постсавецкімі краінамі ўсё далёка ня так ужо і кепска”.

Паводле выданьня, у гэтай краіне ніхто не галадуе, заробкі і пэнсіі выплачваюцца своечасова, сыстэма аховы здароўя і адукацыйная сыстэма функцыянуюць. Матэрыяльна ўсе жывуць больш-менш аднолькава.

«У гэтым сэнсе ў 21-м стагодзьдзі Беларусь зьяўляецца сапраўдным музэем сталінізму», піша аўстрыйскі журналіст.

Газэта цытуе словы расейскага міністра абароны Сяргея Іванова ў часе нядаўняй Мюнхэнскай канфэрэнцыі адносна таго, што «Лукашэнка будзе абраны так або інакш».

«Невядома, што меў на ўвазе расейскі чыноўнік», піша аўстрыйскае выданьне, «тое, што выбары будуць свабоднымі і празрыстымі альбо тое, што іхныя вынікі будуць зманіпуляваныя, аднак у любым выпадку з заявы міністра вынікае, што «бацька» застанецца пры ўладзе» піша Die Presse і працягвае : «Тады чаму, маючы ўсе шанцы застацца пры ўладзе , Лукашэнка так нэрвуецца, настройвае супраць сябе ўвесь заходні сьвет, чапляецца да апазыцыі, якая не зьяўляецца для яго небясьпечнай? »

Паводле меркаваньня аўтара, магчыма, такім палітыкам як Лукашэнка, для ўпэўненасьці трэба мець пастаянную падтрымку 70-80 адсоткаў насельніцтва. «Лукашэнка - гэта клясычны прыклад фанатычнага прыхільніка жорсткага кантролю (control freak). Ён ніяк ня можа прыняць таго, што гэтым разам грамадзянская супольнасьць можа быць больш актыўнай, моцнай, дзёрзкай, што палітычнае жыцьцё ў краіне можа стаць больш дэмакратычным».

Як піша Die Presse, сумна, калі лёс краіны вырашаецца вось такім чынам. Аднак ня менш сумна і ад таго, якую ролю ва ўсім гэтым адыгрывае Захад. “І ЗША, і ЭЗ могуць цягам бліжэйшых дзён абвінавачваць рэжым Лукашэнкі ў маніпуляцыях, у жорсткім абыходжаньні з апазыцыяй, аднак зьмяніць штосьці яны ня ў стане”.

Паводле аўстрыйскага выданьня, ёсьць толькі адна краіна, якая б магла ўплываць на Беларусь. Гэта Расея Пуціна. Аднак яе у цэлым задавальняе тое, што робіць Лукашэнка. “Палітычнае дзейства, якое цягам бліжэйшых дзён адбудзецца ў Беларусі называецца “Бацька альбо бясьсільле Захаду на ўсходзе Эўропы”, піша Die Presse.
XS
SM
MD
LG