Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскаму палітолягу А.Суздальцаву загадалі пакінуць тэрыторыю Беларусі


Радыё Свабода Беларускія ўлады дэпартуюць з краіны расейскага палітоляга і незалежнага журналіста Андрэя Суздальцава, які зьмяшчаў свае артыкулы ў інтэрнэце і ў “Народнай волі”.

Сёньня грамадзяніна Расеі палітоляга Андрэя Суздальцава выклікалі ў адзел грамадзянства і міграцыі Фрунзэнскага райадзела міліцыі Менска, дзе анулявалі ягоны від на жыхарства і загадалі да 23 сакавіка зьехаць зь Беларусі.

Паводле Андрэя Суздальцава, прычынаў рашэньня яму не патлумачылі, але намякнулі, што гэта загад зьверху. Палітоляг тлумачыць такое рашэньне помстай за артыкулы, прысьвечаныя выбарчай кампаніі ў Беларусі:

(Суздальцаў: ) “Мая дэпартацыя — толькі маленькі штрых да вобразу гэтай па сутнасьці паразытуючай дзяржавы, якую стварыў Лукашэнка, прыкладам таго, як яна абыходзіцца з грамадзянамі краіны, на датацыі якой існуе”.

Андрэй Суздальцаў вядомы крытычнымі артыкуламі на адрас беларускіх уладаў. Свае артыкулы ён друкаваў у шэрагу незалежных выданьняў Расеі і Беларусі, у тым ліку ў “Народнай волі”, а таксама ў інтэрнэце. Апроч таго, ён займаўся маніторынгам палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Андрэй Суздальцаў заяўляе, што і за межамі Беларусі будзе працягваць сваю працу.

(Суздальцаў: ) “Я свой акоп не пакіну, хай не чакаюць гэтага. Яны мне толькі рукі разьвязалі”.

У Беларусь Андрэй Суздальцаў прыехаў 13 гадоў таму з Уладзівастоку. У Менску застаюцца ягоная жонка і двое дзяцей, як ён падкрэслівае, беларускамоўных. Куды дакладна зьедзе сам Андрэй Суздальцаў ён пакуль ня ведае.

Супрацоўнікі адзьдзелу грамадзянства і міграцыі Фрунзенскага райадзела міліцыі, дзе скасавалі від на жыхарства для Андрэя Суздальцава, адмовіліся патлумачыць Радыё Свабода прычыны дэпартацыі расейскага журналіста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG