Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ўлады ўчыняюць усебеларускі “хапун”?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 15 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік прэс-службы выбарчага штабу Мілінкевіча Сяргей Вазьняк і cтаршыня незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

(Валер Карбалевіч: ) “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі усё больш нагадваюць спэцапэрацыю сілавых структураў супраць апазыцыі. Увесь час прыходзяць новыя паведамленьні пра затрыманьні лідэраў і актывістаў апазыцыі. На ранішняй прэс-канфэрэнцыі кандыдата на прэзыдэнта Мілінкевіча прагучала, што за кратамі знаходзіцца 50 чалавек. Сярод іх і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. А зусім нядаўна затрыманы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Масавыя рэпрэсіі як фон перадвыбарчай кампаніі — новая зьява нават для выбараў у аўтарытарных рэжымах. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта? Што ёсьць за прычыну гэтакіх паводзін уладаў?”

(Сяргей Вазьняк: ) “У 2001 годзе, каб вырашыць задачу захаваньня ўлады ў руках Лукашэнкі, рэжыму хапіла адміністрацыйнага й прапагандысцкага рэсурсаў. А ў 2006 годзе яны самі адчуваюць, што адміністрацыйнага й прапагандысцкага рэсурсаў ужо не хапае. І ў дзеяньне запушчаны рэпрэсіўны рэсурс. Ідуць арышты й затрыманьні ключавых асоб выбарчай кампаніі нашага кандыдата, актывістаў кампаніі й нават выпадковых людзей. Хачу зазначыць: рэпрэсіўны рэсурс — апошняе, што засталося ва ўлады. Больш няма нічога. Усё адбыванае сьведчыць, што справы ва ўладатрымцаў вельмі дрэнныя”.

(Алесь Бяляцкі: ) “Згадваю: недзе 2-3 тыдні таму быў зроблены “зьліў” інфармацыі пра пляны ўладаў непасрэдна напярэдадні выбараў. Вось якраз той сцэнар, які цяпер назіраем, там і быў прапісаны. Памятаю адтуль некалькі абзацаў пра нэўтралізацыю кіраўнікоў партый, лідэраў сярэдняга зьвяна, што актыўна працуюць у выбарчых штабах.

Цяпер гэта адбываецца па ўсёй Беларусі. Сапраўды, учыняюцца дзясяткі арыштаў зь сьмехатворных падстаў: нехта парушыў правілы дарожнага руху, да кагосьці “прычапіўся” п’яны, а ў некага папросту кінулі сьнежку, і міліцыянты знайшлі за што зьвінаваціць — хоць каторага. Ідуць дробныя правакацыі. Бачна, што перад міліцыяй пастаўлена задача нэўтралізацыі. Я назваў бы нават гэта інтэрнаваньнем найбольш актыўных людзей, якія бяруць удзел у грамадзка-палітычнай кампаніі.

Улады ставяць абсалютна відочную задачу: не дапусьціць масавага пратэсту, масавага выхаду людзей на вуліцу адразу пасьля выбараў. Вельмі цікава паглядзець на тэрміны зьняволеньня, ужываныя да актывістаў. Калі на мінулым тыдні затрыманым давалі пераважна па 15 сутак арышту, то насёньня вынайдзена ноў-хаў: шмат хто пакараны на 7 сутак. Таму што гэтага тэрміну дастаткова, каб ізаляваць людзей у першыя суткі пасьля выбараў — папярэдзіць удзел іх у арганізацыі вулічных акцый.

Пазыцыя ўладаў абсалютна зразумелая. Іх зусім у створанай сытуацыі не турбуе рэакцыя міжнароднай супольнасьці. Галоўная мэта — прыпыніць гэтыя акцыі, ня даць магчымасьці выплюхнуцца грамадзкай хвалі на вуліцу.

Цяперашняя кампанія праходзіць куды актыўней, чым было ў 2001 годзе. І гэтая актыўнасьць змушае рэжым рабіць непапулярныя захады. Але застацца пры ўладзе значна важней, чым падтрымліваць які-кольвек імідж”.

(Карбалевіч: ) “Вось на працяг пытаньня пра імідж. Цяпер у Беларусі шмат замежных журналістаў, прыбылых на выбары. Здавалася б, улады мусяць неяк клапаціцца пра свой міжнародны імідж. Рэгістрацыя двух апазыцыйных кандыдатаў таксама ж сьведчыць пра тое, што ўлады зацікаўлены ў забесьпячэньні легітымнасьці плянаванай перамогі Лукашэнкі. І вось гэты масавы “хапун” разбурае ўсю гульню ва ўмоўную дэмакратычнасьць беларускіх выбараў. Як гэта растлумачыць?”

(Вазьняк: ) “Думаю, улада схібіла ад пачатку кампаніі, калі зарэгістравала двух дэмакратычных кандыдатаў. Яны не разьлічвалі, што з рэйтынгу на ўзроўні 1,5%, які быў на пачатку кастрычніка, напрыклад, у Мілінкевіча, дынаміка росту будзе рухацца такімі тэмпамі, як цяпер.

Я ўдзельнічаў у першых паездках Мілінкевіча па рэгіёнах. У раённых цэнтрах у дзень мы сустракаліся з 30-50 чалавекамі. А цяпер на сустрэчы прыходзяць тысячы людзей. Нават у райцэнтрах зьбіраецца да тысячы чалавек. А ў абласных гарадох лік ідзе на некалькі тысяч. Улады папросту не чакалі такога.

Думаю, што мы сваёй кампаніяй патрапілі ў сарцавіну, закранулі сацыяльнае нездаволеньне мас. Людзі даўно чакалі пэрсаніфікаванай альтэрнатывы Лукашэнку. І мы гэтым чаканьням адпавядаем. Бо прапанавана ня толькі праграма прыхільнікаў перамен, але й лідэр, які можа быць рэальнай альтэрнатывай. І ўлады цяпер ня ведаюць, як з гэтым змагацца. Таму выкарыстоўваюць неадменны рэсурс — “хапун”.

(Бяляцкі: ) “Мне здаецца, улады не хацелі гэтага рабіць да апошняй хвіліны. Нагадаю: насамрэч выбары ў нас пачаліся 2-3 гады таму. Тады пачалі масава зачыняць няўрадавыя арганізацыі, зьліквідоўваць “пярвічкі” партыйных арганізацый, учыняць масаваныя атакі на незалежную прэсу. Гэта была падрыхтоўка ўладаў да выбараў. Такі плян дастаткова звыклы для краіны Беларусь. І, — падавалася яшчэ 2-3 месяцы таму, паводле інтанацый Лукашэнкі, — улады шчыльна пасьпелі закатаць Беларусь мэтровым слоем асфальту: тут нічога не саб’ецца, нічога ня будзе супярэчыць пляну “элегантнай перамогі”.

Насамрэч тое, што робіцца апошнія 2-3 тыдні, я адчуваю подых вясны, адчуваю гэтак жа, як у свой час адчувалі мы ўсе на пачатку 90-х гадоў. Тысячы людзей прыходзяць на сустрэчы з апазыцыйным кандыдатам, не баючыся нейкіх рэпрэсій. Сотні, тысячы людзей бяруць удзел у выбарчай кампаніі, актыўна распаўсюджваюць інфармацыю, уступаюць у дыскусіі, рэальна хочуць зьмяніць сытуацыю. Сьпячка скончылася.

Для ўладаў гэта нечаканая сытуацыя. І тыя скрайнія захады, на якія яны пайшлі, — інтэрнаваньне дзясяткаў (а ў пэрспэктыве лік можа ўзрасьці й да соцень) актывістаў грамадзкіх арганізацый, удзельнікаў гэтай кампаніі — ёсьць паказьнікам страху ўладаў перад сытуацыяй, насьпелай у Беларусі.

Але такімі захадамі наўрад ці можна перапыніць разьвіцьцё падзей. Я ня ўпэўнены, што 19-21 сакавіка на вуліцы Менску выйдуць дзясяткі-сотні тысяч людзей. Але калі гэта адбудзецца, то ўжо тады рэпрэсіі абсалютна нічога ня вырашацьмуць у разьвіцьці палітычнага працэсу”.

(Карбалевіч: ) “Які палітычны эфэкт могуць займець гэтыя рэпрэсіі? Ці застрашаць яны людзей у зьвязку з плянаванымі акцыямі пратэсту? Сёньня на некаторых інтэрнэт-сайтах зьявіліся ананімныя паведамленьні з Міністэрства ўнутраных спраў аб падрыхтоўцы ўладаў да сілавога задушэньня вулічнага пратэсту. Як гэта ўсё паўплывае на хвалю пратэсту пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў?”

(Вазьняк: ) “Нейкая частка людзей, верагодна, будзе запалохана. Але, я думаю, 19 сакавіка тысячы людзей выйдуць пратэставаць. Гэты распальваны псыхоз можа мець адваротны эфэкт. Калі гайку моцна закручваць, — паўстае мяжа, і яна зрываецца. Гэтак можа й адбыцца.

Я рэгулярна гляджу пошту, якая прыходзіць на афіцыйны сайт Аляксандра Мілінкевіча. Ёсьць вялікае натхненьне. Шмат хто зьбіраецца ісьці сем’ямі. Калі “сэнатар” Чаргінец пачаў у тэлевізійным ток-шоў расказваць пра страшылкі, людзі сталі казаць: мы адмыслова цяпер зь дзецьмі прыйдзем сьвяткаваць дзень выбараў. Ува ўсялякім выпадку тысячы людзей 19 сакавіка будуць удзельнічаць у выбарчым пратэсьце”.

(Бяляцкі: ) “Хачу нагадаць, што запалохваньне — ня новы інструмэнт у руках уладаў. З 1988 году, зь першых масавых акцый у Менску, улады актыўна пускаюць такія чуткі пра нейкія неверагодныя рэпрэсіі, ужываньне зброі й іншых сродкаў падчас акцый. Трэба менш давяраць гэтым чуткам. Бо гэта прапагандысцкая зброя, накіраваная на зьмяншэньне актыўнасьці людзей”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, масавыя рэпрэсіі супраць апазыцыі ў час, калі ідзе датэрміновае галасаваньне, сьведчыць пра ўладны страх перад “джынсавай рэвалюцыяй”, а таму яны махнулі рукой на міжнародны імідж, міжнародную легітымнасьць — дзеля захаваньня тае хвалёнае стабільнасьці, у якой усё можа застацца па-ранейшаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG