Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш перадаў Кангрэсу ЗША інфармацыю аб маёмасьці Лукашэнкі


Радыё Свабода Джордж Буш перадаў ў Кангрэс ЗША інфармацыю аб маёмасьці і прыбытках Аляксандра Лукашэнкі ды іншых чальцоў беларускага ўраду.

Учора Адміністрацыя прэзыдэнта Буша перадала ў Кангрэс ЗША справаздачу аб апэрацыях беларускага ўраду па продажы ці пастаўках зброі і вайсковых узбраеньняў, а таксама прыватных даходах кіраўніка Беларусі. Даклад падрыхтаваны ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, прынятага Кангрэсам у 2004 годзе.

У публічнай частцы справаздачы сьцьвярджаецца, што ў пэрыяд ад 2004 да 2006 году Беларусь працягвала пастаўкі зброі ў дзяржавы, якія маюць дачыненьне да міжнароднага тэрарызму і што адміністрацыя Лукашэнкі працуе над пашырэньнем адносінаў з гэтымі краінамі.

У прыватнасьці, у 2004 годзе шэраг пагадненьняў аб супрацоўніцтве ў галіне нацыянальнай бясьпекі быў падпісаны паміж урадамі Беларусі і Ірану. Пагадненьні былі складзеныя на ўзор тых, якія некалькі гадоў таму Лукашэнка падпісаў з рэжымам Садама Хусэйна. Парлямэнт Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў гэтыя дакумэнты ў траўні 2005 году. У сьнежні 2005 году Беларусь наведала дэлегацыя дэпутатаў іранскага парлямэнту, якая публічна заклікала да пашырэньня супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі ў галіне ядзернай зброі.

Акрамя таго, адміністрацыя Лукашэнка актыўна супрацоўнічае з урадамі Сірыі і Судану. У сюправаздачы таксама адзначаецца, што апэрацыі па продажы зброі зьдзяйсьняюцца Лукашэнкам без узгадненьня з адпаведнымі органамі бясьпекі беларускага ўраду і што атрыманыя даходы накіроўваюцца непасрэдна ў спэцыяльны бюджэт прэзыдэнта, які налічвае ня менш за 100 мільёнаў даляраў ЗША.

У справаздачы сьцьвярджаецца, што ёсьць інфармацыя аб выкарыстаньні Лукашэнкам грамадзкіх рэсурсаў у прыватных мэтах. Адміністрацыя прэзыдэнта валодае вялікай колькасьцю маёмасьці, у тым ліку гатэлямі, дамамі адпачынку і шматлікімі офіснымі будынкамі. У дакладзе падкрэсьліваецца, што ў Беларусі поўнасьцю адсутнічае празрыстасьць у дачыненьні да дзяржаўнай уласнасьці, і таму вельмі складана дакладна вызначыць, якая частка дзяржаўных даходаў (у тым ліку ад энэргетычных субсыдый) паступае на асабістыя рахункі Лукашэнкі, яго сям’і і набліжаных.

Дадатковая інфармацыя аб апэрацыях па продажы зброі і асабістых даходах прэзыдэнта Беларусі разьмешчаная ў спэцыяльным разьдзеле справаздачы, закрытым для шырокай грамадзкасьці. Поўны тэкст справаздачы быў перададзены адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША ў Камітэт Міжнародных дачыненьняў Кангрэсу ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG