Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі КДБ браў зьвесткі ад літоўкага турагенцтва?


Тацяна Поклад, Вільня Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы пачаў расьсьледаваньне дзейнасьці турыстычнага агенцтва “Фрыдміс” у Вільні, якое афармляла візы васьмі незалежным назіральнікам з Даніі й Швэцыі, высланым зь Беларусі 14 сакавіка. Літоўскія ўлады хочуць ведаць, ці сапраўды турагенцтва паведамляла прыватную інфармацыю пра сваіх кліентаў на загад беларускага КДБ.

14 сакавіка, за некалькі гадзінаў да затрыманьня ў Беларусі незалежных назіральнікаў з Даніі й Швэцыі, супрацоўнік агенцтва “Фрыдміс” патэлефанаваў літоўскай журналістцы, якая падавала дакумэнты на афармленьне візаў.

Супрацоўнік “Фрыдміса” запатрабаваў паведаміць дадзеныя адносна гэтых грамадзянаў Швэцыі й Даніі, назвы гатэляў, дзе яны спыніліся. На пытаньне журналісткі, каму гэта патрэбна, супрацоўнік агенцтва адказаў: “Беларускаму КДБ, няўжо вам трэба доўга тлумачыць!? Мы маем вялікія праблемы. Вы выканаеце сваю “місію” і падставіце нас.”

Літоўская журналістка, якая сама плянуе ехаць у Беларусь у часе выбараў, паведаміла, што калі яшчэ раз ператэлефанавала ў агенцтва, пачула ад супрацоўніка: “Якую ты тут дэмакратыю абараняеш?! Што ты разумееш пра дэмакратыю?! Хочаш, каб вам рэбры пераламалі, зрабілі інвалідамі, што вы умешваецеся ў гэтую дэмакратыю?”

Пасьля таго, як пра інцэдэнт паведаміла перадача “Панарама” Службы навінаў Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі, кіраўнік і прадстаўнікі турыстычнага агенцтва “Фрыдміс” так і не патлумачылі, чаму літоўская прыватная кампанія зьбірае інфармацыю для беларускага КДБ. Цяпер агенцтва не адказвае па тэлефонах, пададзеных як кантактныя нумары “Фрыдміс”.

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы, непадалёк якога, дарэчы, дзейнічала “Фрыдміс”, распачаў расьсьледваньне таго, чыя загады выконвала закрытае акцыянэрнае таварыства, зарэгістраванае ў Літве.

Міністэрства гаспадаркі Літвы цяпер спраўджвае гаспадарча-фінансавую дзейнасьць “Фрыдміса”. Дэпартамэнт дзяржбясьпекі папрасіў Міністэрства гаспадаркі высьветліць, ці прадпрыймальніцкая дзейнасьць агенцтва адпавядае выдадзенай яму ліцэнзіі.

У адмысловым прэс-рэлізе з гэтай нагоды Дэпартамэнт дзяржбясьпекі паведамляе, што ўжо цяпер, паводле атрыманых вынікаў расьсьледаваньня, некаторыя супрацоўнікі ЗАТ “Фрыдміс” будуць афіцыйна папярэджаныя не парушаць законаў Літоўскай Рэспублікі. Магчымае таксама пазбаўленьне права на сталае жыхарства ў Літве дырэктаркі агенцтва, грамадзянкі Беларусі Ірыны Азаркевіч.

Прэсавы прадстаўнік Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы Вітаўтас Макаўскас пацьвердзіў, што турыстычнае агенцтва “Фрыдміс” трапіла пад нагляд літоўскай дзяржбясьпекі. Як паведамляе найбуйнейшае балтыйскае інфармацыйнае агентва БНС, В.Макаўскас сказаў: “Гэтае турыстычнае агенцтва знаходзіцца ў полі нашага назіраньня. Прадстаўнікі Дэпартамэнту дзяржбясьпекі апыталі супрацоўнікоў агенцтва з мэтай высьветліць, чыя загады яны выконвалі. Калі высьветліцца, што супрацоўнікі агенцтва прадстаўлялі замежныя спэцслужбы, ім пагражае адказнасьць паводле крымінальнага кодэксу. Кампаніі, якія дзейнічаюць у Літве, павінны працаваць паводле законаў Літвы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG