Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улада не такая моцная, калі палохае людзей прыдуманай пагрозай тэрактаў”


Радыё Свабода Гэтак камэнтуе былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб учорашнія заявы старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі. Што думаюць былыя “сілавікі” пра пагрозу тэрактаў у Менску 19 сакавіка?

Падпалкоўнік КДБ у запасе Валеры Костка заявіў Радыё Свабода, што лічыць “мітычнымі” доказы, якія падаў старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка для пацьверджаньня вэрсіі аб падрыхтоўцы апазыцыі да тэрактаў. Валеры Костка ўказвае на тыя дэталі ў паказаньнях сьведкі, якія прымушаюць прафэсіяналаў сумнявацца ў іх праўдзівасьці.

(Костка: ) “У мяне ўзьніклі пытаньні наконт гэтага хлопчыка-тэрарыста. Старшыня КДБ мог бы адказаць больш дэталёва, дзе і калі ладзіліся здымкі ягонага допыту, чаму не было, як заўсёды, у левым кутку лічбаў пра дзень і час допыту. Гэта ж дакумэнтальныя здымкі, і яны мусяць адпавядаць пратаколу пра тое, дзе і калі адбываўся допыт. Другое: хто яго праводзіў? У кадры быў толькі гэты юны тэрарыст. У мяне ўвогуле склалася ўражаньне, што запіс мог быць зроблены не на тэрыторыі Беларусі”.

Валеры Костка не выключае, што да падрыхтоўкі гэтых паказаньняў маглі спрычыніцца ня толькі беларускія спэцслужбы. Таксама ён заўважае, што не было нікога іншага, акрамя гэтага сьведкі, хто б мог пацьвердзіць факт падрыхтоўкі беларускіх баявікоў у невядомым грузінскім лягеры. Былы супрацоўнік КДБ Валеры Костка перакананы, што рэальны баявік за кратамі ў КДБ назваў бы сваіх суўдзельнікаў.

(Костка: ) “Спадар Сухарэнка месяц таму распавядаў пра тое, што пад Вялейкай ці Копылем створаныя базы баевікоў, і абяцаў усё гэта паказаць. Цяпер зразумела, што там ніякіх базаў яны не знайшлі, баевікоў не знайшлі, і тады ім трэба паказаць, што гэта ўсё ідзе за межамі краіны. Атрымліваецца такая казка для дзяцей нанач, каб запалохаць”.

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, генэрал міліцыі ў запасе Мечыслаў Грыб заўважае, што сапраўдныя тэрарысты ніколі не папярэджваюць, што будуць мірна зьбірацца на плошчы.

(Грыб: ) “Відаць, што ўлады баяцца людзей. З аднаго боку, па радыё і тэлебачаньні яны ўвесь час кажуць, як яны людзей любяць, як іх шануюць і жыць бязь іх ня могуць ніводнага дня. А з другога боку, яны баяцца гэтых людзей. Калі б не баяліся, навошта гэтыя сур’ёзныя заявы пра тэрарыстаў. Пойдуць людзі на плошчу ці ня пойдуць, гэта справа іхная. Але адназначна, што гэта страх свайго народу. І з другога боку, улада не такая моцная, як яна кожны дзень пра сябе кажа. Калі б яна была такая моцная, як кажа, ня трэба было б людзей палохаць. Трэба было рабіць выбары справядлівыя, адкрытыя, не палохаючыся нікога”.

Гэта было меркаваньне кіраўніка штабу Аляксандра Казуліна генэрала міліцыі ў запасе Мечыслава Грыба.

Кіраўнік штабу Сяргея Гайдукевіча былы вайсковец Уладзімер Карунас не знайшоў магчымасьці пракамэнтаваць для Радыё Свабода заявы старшыні КДБ адносна магчымых тэрактаў.

Не ўдалося атрымаць камэнтара на гэтую тэму і ад намесьніка старшыні Палаты прадстаўнікоў беларускага парлямэнту Сяргея Забалотца. Ягоны памочнік Алег Куліцкі адказаў, што ня змог злучыцца са сваім начальнікам, а даць тэлефон спадара Забалотца адмовіўся.

Гл.таксама • Старшыня КДБ палохае арганізатараў акцыі 19 сакавіка сьмяротнай карай • Як беларускія й грузінскія палітыкі камэнтуюць заявы шэфа КДБ Сухарэнкі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG