Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнтары-назіральнікі з Латвіі й Эстоніі атрымалі візы


Радыё Свабода Адрозна ад парлямэнтароў Літвы, усе іхныя калегі з Латвіі й Эстоніі, якія выказалі жаданьне назіраць за выбарамі прэзыдэнта Беларусі, атрымалі ўязныя візы. Дэпутаты з Латвіі й Эстоніі сёньня й заўтра прыбываюць у Беларусь у якасьці кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЭ.

Намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі ў міжнародных справах парлямэнту Эстоніі Марка Міхкельсон гаворыць, што ён і 11 калег-дэпутатаў атрымалі ўсе неабходныя дакумэнты для прыезду ў Менск. Яшчэ адна дэпутатка ляціць у Менск з Парыжу, і ёй паабяцалі, што ў''язную візу паставяць непасрэдна ў менскім аэрапорце.

Спадар Міхкельсон нагадаў, што ў парлямэнце Эстоніі створана дэпутацкая група "У абарону разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі". Яе ўдзельнікі сочаць за беларускімі падзеямі й хочуць пабачыць сытуацыю ў краіне на ўласныя вочы:

(Міхкельсон: ) "Мы ўсе ведаем: цяжка спадзявацца, што ў нядзелю, 19 сакавіка, адбудзецца нешта надзвычайнае. Але працэсы, якія цяпер адбываюцца, ідуць у правільным, дэмакратычным накірунку. І таму адносіны Эўропы да іх вельмі пазытыўныя".

Прыкладна столькі ж дэпутатаў прыяжджае з Латвіі: 8-10 у якасьці назіральнікаў АБСЭ, яшчэ 2 (зь левых фракцый) — на запрашэньне Нацыянальнага сходу Беларусі. Усе яны атрымалі ў''язныя візы.

Чаму латыскім і эстонскім парлямэнтарам адмоваў у беларускіх візах не было, а вось пяць літоўскіх дэпутатаў візаў не атрымалі? Парлямэнтар Вацлаў Станкевіч з Сойму Літвы лічыць, што беларускія ўлады сьвядома й наўмысна падзялілі балтыйскія краіны на два лягеры:

(Станкевіч: ) "Чаму?" На гэтае пытаньне найлепей адказалі б самі беларускія дыпляматы, якія робяць такім чынам. Але ці няма тут знакамітага “падзяляй і ўладар”? Вось гэта: паказаць, што Літва ня вельмі добрая, а Латвія й Эстонія лепшыя. І тым самым здабыць для сябе нейкую выгоду".

Літоўскі парлямэнтар нагадаў, што ўчора літоўскі Сойм прыняў спэцыяльную заяву пра сытуацыю ў Беларусі з нагоды нявыдачы візаў літоўскім дэпутатам. Спадар Станкевіч таксама дадаў, што ўжо ў панядзелак у Сойме адбудзецца спэцыяльнае паседжаньне дэпутатаў, якія займаюцца міжнароднай палітыкай, і палітолягаў. На ім будуць абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі:

(Станкевіч: ) "Вынікаў яшчэ ў панядзелак, зразумела, ня будзе. Але мы пачнём ужо раіцца".

Сёньня ж у Беларусь накіроўваюцца ў якасьці кароткатэрміновых назіральнікаў і 60 дэпутатаў расейскай Дзярждумы. Яны праходзяць па квоце АБСЭ, Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД, Парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі ды нацыянальных парлямэнтаў.

Гл.таксама • Сацыял-дэмакраты Літвы і Даніі асудзілі дзеяньні беларускіх уладаў
XS
SM
MD
LG