Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што робяць сёньня і заўтра Гайдукевіч і Казулін?


Радыё Свабода Агітацыйная кампанія кандыдатаў на прэзыдэнта набліжаецца да завяршэньня. Заўтра — апошні дзень агітацыі. На што скіруюць свае намаганьні кандыдаты Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Казулін?

Сяргей Гайдукевіч праводзіць сёньня сустрэчы з выбарцамі на Меншчыне. Ягоныя актывісты працягваюць распаўсюд агітацыйнай прадукцыі. Спадар Гайдукевіч кажа пра затрыманьні ягоных агітатараў міліцыяй, калі тыя клеілі лістоўкі ў недазволеных месцах.

(Гайдукевіч: ) “Вельмі добра людзі бяруць нашы агітацыйныя матэрыялы. Каб яшчэ пару тон! Усё разьбіраюць. Але на суботу яшчэ мы адклалі. У суботу ўсе будзем у Менску. Вельмі добра ішлі календары, праграма партыі… У суботу ўжо рэшткі разьнясём”.

Ці зьбіраецца Сяргей Гайдукевіч разам са сваімі прыхільнікамі прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 19 сакавіка?

(Гайдукевіч: ) “Ну, на плошчу трэба ісьці тым, хто прайграў. Ды нічога на плошчы ня будзе. Хто там будзе? Тыя, хто раней хадзіў на плошчу, паўтары-дзьве тысячы, тыя й будуць. Электарат зусім абыякавы да зваротаў… Ніякай плошчы ня будзе. Я буду ў Палацы рэспублікі. І будзе ва ўсіх сьвяточны настрой. Будучыня — за Гайдукевічам”.

У штабе Аляксандра Казуліна ішла падрыхтоўка да сустрэчы з выбарцамі, якая будзе наладжана ў менскім кінатэатры “Электрон” супольна з Аляксандрам Мілінкевічам. Перад гэтай імпрэзай плянуецца сустрэча абодвух кандыдатаў — з мэтай каардынацыі далейшых сумесных дзеяньняў. Прэс-сакратар Ніна Шыдлоўская паведаміла, што штаб і ягоныя абласныя структуры працуюць паводле графікаў. Паводле сябра штабу Ўладзімера Нісьцюка, паступае інфармацыя пра затрыманьні актывістаў.

(Нісьцюк: ) “Кожную гадзіну ідзе інфармацыя пра тое, што садзяць нашых сябраў у рэгіёнах. У нас і ў Горадні затрыманы, і ў Баранавічах сядзяць кіраўнікі, і ў Воршы, і ў Магілёве. Разам з прадстаўнікамі БНФ там і нашы калегі. Пасадзілі вельмі шмат людзей па рэгіёнах з розных падстаў. Гэта нас непакоіць. А так што? Мы працуем спакойна, робім сваю справу”.

Як ставяцца кандыдат Аляксандар Казулін і ягоныя прыхільнікі да плянаванай акцыі 19 сакавіка? Патлумачыла прэс-сакратар Ніна Шыдлоўская.

(Шыдлоўская: ) “Як паказалі сустрэчы з выбарцамі, людзі гатовыя выйсьці, каб сваёй прысутнасьцю на плошчах і вуліцах гарадоў Беларусі прадэманстраваць пратэст супраць тых фальсыфікацый, якія будуць на выбарах. Людзі пойдуць. І кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін будзе там, дзе будуць людзі”.
XS
SM
MD
LG