Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта “Згода” зьліквідавана


Радыё Свабода Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пастанавіў закрыць недзяржаўную газэту “Згода”. Ініцыявала ліквідацыю Міністэрства інфармацыі, якое раней вынесла рэдакцыі два афіцыйныя папярэджаньні. Выстаўленыя абвінавачаньні выдаўцы “Згоды” называюць надуманымі, а судовае рашэньне — палітычна матываваным.

Выстаўленыя газэце папярэджаньні тычыліся публікацыяў і карыкатураў на кіраўніка краіны, а таксама малюнкаў, зьвязаных з друкаванымі карыкатурамі на прарока Мухамэда. Міністэрства інфармацыі запатрабавала ліквідаваць газэту, а суд гэтае патрабаваньне задаволіў. Вось як гэта пракамэнтаваў рэдактар “Згоды” Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “Гэтая справа дакладна ўпісваецца ў агульную палітыку ўладаў на абмежаваньне незалежнай прэсы. Па сутнасьці, на яе ліквідацыю. Дарэчы, тая ж газэта, якая першай апублікавала гэтыя карыкатуры, існуе, як і існавала. Палітычны падтэкст тут відавочны, і ўсё гэта скіравана на абмежаваньне свабоды слова ў Беларусі”.

Паводле спадара Караля, сапраўднай прычынай ліквідацыі газэты напярэдадні выбараў стала імкненьне “Згоды” выдаць чарговы нумар да дня галасаваньня. А рашэньне аб закрыцьці судзьдзя Аксана Міхнюк прыняла, не зважаючы на той факт, што паводле дзейнага заканадаўства газэта яшчэ мела час абскардзіць выстаўленае міністэрствам папераджэньне. А таму сёньняшняе рашэньне, магчыма, будзе абскарджана, але шмат што вырашаць прэзыдэнцкія выбары, кажа Андрэй Бастунец — юрыст, які бараніў інтарэсы “Згоды” ў судзе.

(Бастунец: ) “Цягам месяца будзе зразумела, якая сытуацыя ў краіне й якія будуць магчымасьці для абскарджаньня гэтага рашэньня”.

Сёньня ж менская міліцыя сканфіскавала ў выдаўцоў 200-тысячны наклад незалежнай газэты “Товарищ”, які быў прысьвечаны прэзыдэнцкім выбарам. Раней праваахоўныя органы Віцебскай вобласьці арыштавалі і ўтрымліваюць два буйныя наклады незалежнай газэты “Народная Воля”, якія таксама прысьвечаныя выбарам. Перадвыбарчы нумар незалежнага выданьня “БДГ. Деловая газета” без тлумачэньня прычынаў адмовіўся друкаваць Смаленскі поліграфічны камбінат.
XS
SM
MD
LG