Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабілі сёньня штабы Мілінкевіча і Лукашэнкі?


Радыё Свабода Кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін сёньня частку дня правёў у размовах зь міліцыяй, дамагаючыся вызваленьня 200-тысячнага накладу газэты “Товарищ” з праграмай кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Аляксандар Лукашэнка ніякіх перадвыбарчых захадаў па-ранейшаму не рабіў, за яго агітавалі давераныя асобы.

Раніцай у гаражным масіве на вуліцы Карастаянавай у Менску міліцыя затрымала апошні нумар газэты Партыі камуністаў беларускай “Товарищ”, які прывезьлі з Масквы вялікагрузнай машынай з расейскімі нумарамі.

Наклад быў надрукаваны ў Маскве, без асаблівых праблемаў пераехаў мяжу і быў давезены да асабістага гаража лідэра партыі Сяргея Калякіна.

Дзьве траціны накладу ўжо былі перанесены ў памяшканьне, калі па сыгнале вартаўніка ў гаражны масіў прыбылі апэратыўнікі Савецкага РУУС Менску. Супрацоўнікі аддзелу ў барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю палічылі падарознымі накладныя дакумэнты на 200-тысячны наклад выданьня.

(Супрацоўнік міліцыі: ) “Ня кожная машына разгружае друкаваную прадукцыю. Тым болей у гараж… Мы самі яшчэ ні ў чым не разабраліся”, — зазначыў прадстаўнік міліцыі Савецкага раёну Менску.

Міліцыя ўзяла тлумачэньні ў Сяргея Калякіна й выклікала прадстаўнікоў рэдакцыі:

(Калякін: ) “Наклад яны адабралі, частка яго арыштавана ў мяне ў гаражы, склалі пратакол, апячаталі гараж, павесілі свой замок”.

Спадар Калякін лічыць дзеяньні міліцыі незаконнымі й абумоўленымі выбарчай кампаніяй:

(Калякін: ) “Нічога яны не знайшлі, нічога ня кажуць, проста дураць галаву і да выбараў не аддадуць газэты, гэта як з той жа “Народнай Воляй” сытуацыя”.

У газэце “Товарищ” апублікавана перадвыбарчая праграма кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча й паведамленьні пра ход выбарчай кампаніі.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму не займаўся агітацыйнымі мерапрыемствамі, ён выконвае абавязкі прэзыдэнта, паведаміў прэсавы сакратар ягонай ініцыятыўнай групы Дзьмітры Косьцін.

(Косьцін: ) “Наш штаб працягвае работу ў звычайным рэжыме, мы цяпер падводзім вынікі і плянуем, паколькі заўтра апошні дзень, калі можна праводзіць агітацыю, то ёсьць некаторыя давераныя асобы, якія выказалі пажаданьне правесьці шэраг сустрэчаў з выбарцамі, якія не былі раней заплянаваныя”.

Аляксандар Лукашэнка, які адмовіўся ад перадвыбарчых тэлезваротаў да выбарцаў у нязручны час, прадастаўлены ЦВК, сёньня ўвечары выступіць адначасова па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах. А Аляксандар Мілінкевіч разам з Аляксандрам Казуліным правядуць супольную сустрэчу зь менчукамі ў кінатэатры “Электрон”.
XS
SM
MD
LG