Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2006 вачыма Ганчарыка і іншых кандыдатаў 2001 году


Радыё Свабода Як ацэньваюць хаду цяперашняй выбарчай кампаніі палітыкі, якія ўдзельнічалі ў якасьці прэтэндэнтаў і кандыдатаў на прэзыдэнта ў кампаніі 2001 году?

“Фіналіст” папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі, тагачасны адзіны кандыдат ад апазыцыі Ўладзімер Ганчарык канстатуе: як і пяць гадоў таму, выбарчы працэс ня стаў празрыстым, а гэта азначае, што апанэнты Аляксандра Лукашэнкі па-ранейшаму знаходзяцца зь ім у няроўных умовах.

(Ганчарык: ) “Трохі вышэйшая, пэўна, актыўнасьць выбарцаў. Але ўмовы для перамогі так і ня створаны. Выбарчыя камісіі засталіся тыя ж, пад кантролем улады; да дзяржаўных СМІ доступу апазыцыі няма. Таму працэс удзелу больш арганізаваны, але вынікі, на жаль, будуць такія ж. Дзеля дасягненьня перамогі трэба нешта іншае — больш актыўная, больш глыбокая праца”.

(Карэспандэнт: ) “Фактычна ўмовы за пяць гадоў зьмяніліся мала?”

(Ганчарык: ) “Амаль не зьмяніліся. А з боку ўлады захады сталі яшчэ больш жорсткімі. Калі ж весьці гаворку пра перамогу ў розумах выбарцаў, — дык, на жаль, у нас добрая траціна людзей ня думае, што такое ўвогуле выбары й што трэба зрабіць дзеля перамогі, дзеля зьмены рэжыму”.

Апроч Уладзімера Ганчарыка, у 2001 годзе яшчэ дзесяць прэтэндэнтаў былі зарэгістраваны Цэнтравыбаркамам і з розным посьпехам ўключыліся ў працэс збору подпісаў.

Гучнай была кампанія бізнэсоўца, уладальніка сеткі гульнявых забаўляльных установаў Юрыя Данькова. І сёньня ён упэўнены, што ў любой справе, у тым ліку — у палітыцы, важна зрабіць правільную стаўку. Паводле Данькова, ні Казулін, ні Мілінкевіч не пасьпелі стварыць моцныя каманды, а вось Лукашэнка сваім статусам чарговым разам скарыстаўся.

(Данькоў: ) “У гэтых двух якія каманды? Няма! Калі я балятаваўся, дык мы нейкія канцэрты ладзілі, а цяпер ідзе толькі адзін канцэрт — з аднаго боку. Ніякай падтрымкі іншым няма. І Лукашэнка зручны сёньня ўсім. Здолеў! Я вам скажу, што ён усіх задавальняе. Прыгажун. І нічога ня зробіш! А ва ўсім вінавата Расея. Ёсьць такое вызначэньне — стаўка. І ўсе заявы Пуціна сёньня вырульваюць на тое, што ўсё было загадзя запраграмавана й прапіярана”.

Незалежны ад палітычных партый і рухаў прэтэндэнт на кандыдата ўзору 2001 году, кіраўнік тэатру “Хрыстафор” Яўген Крыжаноўскі, тым ня менш, досыць востра крытыкаваў палітыку ўладаў. Гэтым разам Крыжаноўскі — адзін з удзельнікаў канцэртаў “За Беларусь” на падтрымку дзейнага кіраўніка краіны. Што ён адчувае ў такой ролі?

(Крыжаноўскі: ) “Я не адчуваю нічога. Проста хачу сказаць, што сёньня, як нядаўна па тэлевізіі сказала Наталя Пяткевіч у праграме “Палітыка”, ужо ўсе ўсё разумеюць, хто будзе пераможцам. І я таксама лічу, што краіна ведае, хто пераможа. Таму няма ніякага сэнсу гуляць у схованкі — хто, каго й чаго. Ужо сапраўды ўсе ведаюць, што будзе”.

Для экс-дырэктара заводу ў выпуску лядоўняў “Атлант” Леанід Калугіна ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году скончыўся сумна. Неўзабаве ён быў арыштаваны за “злоўжываньне службовым становішчам”, а пасьля выхаду на волю прыняў манаскі пастрыг (пазьней арыштанцкі лёс Калугіна падзялілі яшчэ два ўдзельнікі той кампаніі — Міхаіл Марыніч і Сяргей Скрабец). Цяпер манах Калугін жыве ў кляштары побач зь вёскай Касынь недалёка ад Менску, і палітыкай цікавіцца мала. Аднак наведаць участак для галасаваньня ў цэнтральнай сядзібе калгасу “Вішнёўка” усё ж зьбіраецца.

(Калугін: ) “Канечне. Чаму не? Як усе законапаслухмяныя грамадзяне, я павінен выконваць свае абавязкі. Але палітыка тут ні пры чым. Я палітыкай не займаюся. І давайце закрыем гэтае пытаньне”.

Аляксандар Лукашэнка ў барацьбе за трэці прэзыдэнцкі тэрмін, як і раней, адгукаецца на адрас апанэнтаў выключна ў нэгатыўных адценьнях, цьвердзячы, што ўсе яны бессаромна яго капіююць.

(Лукашэнка: ) “Перапяваньне ідэяў — ну, і добра. Няхай перапяваюць. Дык народ жа слухае, а потым гаворыць: ба, дык я ўжо гэта дзесьці чуў, пра гэта наш прэзыдэнт ужо казаў! Значыць, ім больш сказаць няма чаго. Таму і я нармальна стаўлюся, і людзі зразумелі: што яны могуць зрабіць, апроч таго, што ўжо намі зроблена?.. Таму я не камплексую ў гэтым сэнсе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG