Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Саакашвілі: "Нельга саступаць тыраніі"


Кастусь Бандарук, Прага Газэта "International Herald Tribune" зьямсьціла ў сваім сёньняшнім выпуску артыкул грузінскага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі пад загалоўкам “Нельга сасутупаць тыраніі”. Зьмест артыкулу пераказвае наш карэспандэнт.

"Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі стануць ня толькі найважнейшым галасаваньнем з усіх, якія сёлета праводзяцца ў Эўропе, але й самым сур’ёзным выпрабаваньнем таго, ці гатовая Эўропа зьмірыцца з наяўнасьцю дыктатуры на кантынэнце" – піша Міхаіл Саакашвілі. "Лукашэнка трымае ў “яжовых” рукавіцах 10-мільённы народ у самым цэнтры Эўропы. Ёсьць неаспрэчныя доказы таго, што Лукашэнка арганізаваў “зьнікненьне” сваіх палітычных праціўнікаў. Ён распусьціў дэмакратычна абраны парлямэнт, фальсыфікуе вынікі выбараў і самым абуральным чынам парушае правы чалавека".

Паводле прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, беларускія і замежныя назіральнікі ня ў стане забясьпечыць празрыстасьць выбараў. Іхны доступ на выбарчыя ўчасткі – абмежаваны, а галоўнае – ім не дазволена прысутнічаць пры падліку галасоў. Зь дзясяткаў тысяч сяброў мясцовых выбарчых камісіяў толькі двое прадстаўляюць апазыцыйныя партыі. Усе астатнія ня проста ляяльныя ў дачыненьні да Лукашэнкі, але і актыўна ўдзельнічаюць ў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня.

У той час, калі Захад цураецца Беларусі, альбо проста пра яе забыўся, ёсьць у яе адзін ўплывовы саюзьнк – Расея. Расея проста неабходная для захаваньня рэжыму Лукашэнкі. Дзякуючы льготным пастаўкам расейскіх энэрганосьбітаў, архаічная беларуская эканоміка, якая амаль не зьмянілася з савецкіх часоў, яшчэ трымаецца. Незважаючы на палітычны канфуз, які Масква перажыла пасьля адкрытай падтрымкі сфальшаваных выбараў ва Ўкраіне, Масква ізноў паўтарае свае старыя памылкі і напэўна адназначна падтрымае Лукашэнку, піша Міхаіл Саакашвілі на старонках "International Herald Tribune".

У часе нядзельных выбараў ніякіх драматычных падзеяў праўдападобна ня адбудзецца, але пасьля іх завяршэньня – яны цалкам магчымыя – лічыць Саакашвілі. Апазыцыя абяцала вывесьці людзей на вуліцы на знак пратэсту супраць непазьбежнага ператварэньня выбараў у фарс. Менавіта гэтыя магчымыя дэманстрацыі і тое, як на іх адрэагуе Эўропа, стануць выпрабаваньнем гатоўнасьці Эўропы скончыць з дыктатурай на кантынэнце. Калі выбары будуць сфальшаваныя, Брусэль павінен публічна асудзіць іх, не прызнаць вынікі і арганізаваць перамовы паміж уладай і апазыцыяй. Эўразьвяз павінен падтрымаць дэмакратычны рух у Беларусі, увесьці жорсткія палітычныя і эканамічныя санкцыі ў адносінах да кіраўніцтва Беларусі.

Эўразьвяз, на думку прэзыдэнта Саакашвілі, павінен адыгрыць ў Беларусі тую ж вырашальную ролю, што і пры ўсталяваньні дэмакратыі ва Ўкраіне. Адзінае, чаго мы просім гэта тое, каб Эўразьвяз заняў прынцыповую пазыцыю: не дзеля супрацьстаяньня канкрэтнай краіне, а дзеля падтрымкі таго, што зьяўляецца падмуркам цяперашняй Эўропы – дэмакратыі. За дэмакратыю і свабоду хутка стане на бой і беларускі народ – піша ў "International Herald Tribune" прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG