Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім аэрапорце трымаюць сямёх дэпутатаў парлямэнту Грузіі


Радыё Свабода, Менск Грузінскіх дэпутатаў затрымалі 16 сакавіка, як толькі тыя выйшлі з самалёту. Яны меліся ўдзельнічаць у назіраньні за выбарамі ў Беларусі. Цяпер іх трымаюць асобна адзін ад аднаго й не дазваляюць карыстацца мабільнымі тэлефонамі. МЗС Грузіі патрабуе ад беларускіх уладаў даць магчымасьць грузінскім дыпляматам выканаць консульскія функцыі для абароны грамадзянаў Грузіі, а дэпутатам даць магчымасьць назіраць за хадой выбараў у складзе місіі АБСЭ.

Дэпутаты парлямэнту Грузіі зьвярнуліся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Беларусі, каб тыя паспрыялі вырашэньню канфліктнай сытуацыі

Гаворыць старшыня парлямэнцкага камітэту міжнародных сувязяў Грузіі Котэ Габашвілі:

(Габашвілі: ) “Каб яны, нягледзячы на такі цяжкі фон, ствараны выканаўчай уладай, дзеля калегіяльнасьці, альбо папросту дзеля элемэнтарнага разуменьня абавязацельстваў, што маюць дэпутаты ў захаваньні дэмакратычных прынцыпаў, зрабілі нейкія крокі дзеля вызваленьня гэтых людзей. Калі-небудзь было такое, каб дэпутатаў, назіральнікаў АБСЭ затрымлівалі на пачатку выкананьня іх абавязкаў, не давалі сустрэцца з дыпляматамі?!

Адзін зь іх мае беларускую акрэдытацыю. Ня ведаю, наколькі моцны ўплыў маюць беларускія дэпутаты, але ад гэтага патыхае ўжо ксэнафобіяй на грузінскую нацыянальнасьць. Тэрарыстаў рыхтуюць у Грузіі… Ведаеце, калі журналіст напіша нейкае глупства, то ёсьць рэдактар, які не дапусьціць… А тут… Нам шкада, што такія заявы робяцца на ўзроўні шэфа бясьпекі”.

Грузінскіх дэпутатаў трымаюць на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту “Менск”. Давід Кіркітадзэ, Сандро Брэгадзэ, Коба Двалішвілі, Гоча Курава, Каха Сухішвілі, Іраклі Кавтарадзэ й Каха Гецадзэ ня маюць магчымасьці размаўляць між сабой і патэлефанаваць сваякам.

Дэпутату Каху Гецадзэ супрацоўнікі службы бясьпекі дазволілі сёньня патэлефанаваць сваёй жонцы пры ўмове, што ён будзе размаўляць па-расейску. Спадар Гецадзэ адно пасьпеў паведаміць, што зь ім усё ў парадку. Пасьля гэтага ў дэпутатаў адабралі мабільныя тэлефоны.

Апэратыўны памежнік адмовіўся паведаміць Свабодзе дакладнае месца знаходжаньня грузінскіх дэпутатаў. Ён адказаў, што яны знаходзяцца на тэрыторыі аэрапорту й маюць магчымасьць харчавацца.

(Памежнік: ) “Жывыя й здаровыя. VIP-заля не прызначана для таго, каб іх там утрымліваць… Ніхто ня скардзіўся”.

Сябра моладзевай арганізацыі “Кхмара” Лука Цуладзэ летась быў затрыманы ў Менску беларускімі спэцслужбамі.

(Цуладзэ: ) “Ня ведаюць папросту, што твораць. Гэта азначае канец для сёньняшняй улады. Гэта нямысьліма… Што ж тычыцца Беларусі, то гэта нармальная эўрапейская краіна, якая заслугоўвае лепшага жыцьця, лепшай дэмакратыі й нармальнай абстаноўкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG