Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: міліцыянты ўварваліся ў офісы Мілінкевіча і Казуліна


Радыё Свабода Увечары 16 сакавіка міліцыянты ўварваліся ў офіс гарадзкога штабу Мілінкевіча, а ноччу — у абласны штаб Казуліна.

Берасьцейскі штаб Мілінкевіча, дзе ў той час знаходзіліся чатыры актывісты выбарчай кампаніі, быў ачэплены двума дзясяткамі міліцыянтаў. Усе свае дзеяньні міліцыянты здымалі на відэакамэру.

Актывістам штабу Мілінкевіча далі зразумець, што калі яны зноў зьявяцца ў гэтым будынку, іх абвінавацяць у незаконным пранікненьні ў памяшканьне.

Супрацоўнікі штабу не выключаюць, што міліцыянты плянавалі захапіць кіраўніка абласнога выбарчага штабу Юрася Губарэвіча.

Нагадаем, што ў Берасьці ўжо затрымалі давераную асобу Аляксандра Мілінкевіча Сьцяпана Навасельчана, кіраўніка гарадзкога штабу Зьмітра Шыманскага, а таксама сакратара штабу Рыгора Бакіевіча.

Ноччу міліцыянты наведалі таксама берасьцейскі абласны штаб Казуліна. Іх цікавіла, што робяць у гэты час у штабе актывісты выбарчай кампаніі й ці дазволіў знаходзіцца ў гэтым памяшканьні гаспадар будынку.
XS
SM
MD
LG