Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакраты Літвы і Даніі асудзілі дзеяньні беларускіх уладаў


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня ў Вільні прадстаўнікі дацкай і літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыяў рэзка асудзілі грубыя парушэньні дэмакратычных прынцыпаў у часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі.

Тры дні таму зь Беларусі былі высланыя незалежныя назіральнікі і дасьледчыкі грамадзкай думкі з Даніі і Швэцыі, адзін са швэцкіх сацыял-дэмакратаў быў затрыманы беларускай міліцыяй.

Без тлумачэньняў было адмоўлена у беларускай візе літоўскім парлямэнтарам, у ліку якіх – сябра сацыял-дэмакратычнай партыі.

З гэтай нагоды дацкія і літоўскія сацыял-дэмакраты зрабілі супольную заяву адносна Беларусі. У заяве гаворыцца: “Гэткімі дзеяньнямі беларускія ўлады паказалі свой намер перашкодзіць збору інфармацыі пра магчымыя махлярствы на выбарах. Таму абедзьве партыі сумняюцца у тым, што выбары 19 сакавіка будуць справядлівымі”.

Сацыял-дэмакраты заявілі, што “нельга цярпець далей гвалт беларускай улады супраць кандыдатаў, грамадзкіх арганізацыяў і іх дзеячоў, журналістаў, апазыцыйных палітыкаў”.

Абедзьве партыі заклікалі беларускую ўладу “стварыць умовы для свабодных і справядлівых выбараў, дазволіць прыехаць у краіну незалежным назіральнікам і сацыёлягам, каб яны маглі працягваць сваю шляхетную місію на карысьць дэмакратыі”.

Заяву падпісалі Юозас Олекас, старшыня фракцыі сацыл-дэмакратаў, кіруючай бальшыні ў літоўскім Сойме і Епэ Кофэд (Jeppe Kofoed), прадстаўнік па пытаньнях замежнай палітыкі дацкай сацыял-дэмакратычнай партыі.
XS
SM
MD
LG