Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта рэфармаваць сілавыя структуры: пазыцыі кандыдатаў


Юлія Шарова, Менск Мы працягваем знаёміць вас з праграмамі кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Сёньня меркаваньні пра тое, ці варта рэфармаваць беларускія сілавыя структуры і спэцслужбы? Канкурэнты Лукашэнкі лічаць, што патрэба ў гэтым сапраўды існуе. Прадстаўнікі выбарчага штабу дзейнага кіраўніка краіны мяркуюць, што трэба пакінуць усё як ёсьць.

У праграме кандыдата Сяргея Гайдукевіча ёсьць пэўныя тэзы, што тычацца рэформаў міліцыі, пракуратуры і пэнітэнцыярнай сыстэмы, аднак у ёй нічога ня сказана пра радыкальныя зьмены ў сілавых структурах і спэцслужбах.

Прадстаўнік выбарчага штабу кандыдата Аляксандра Казуліна Ўладзімер Нісьцюк лічыць, што сілавыя структуры ў Беларусі ня могуць існаваць у тым выглядзе, у якім яны існуюць цяпер.

(Нісьцюк: ) “Цяпер існуе дысбалянс: пры войску – 60 тысячаў – больш чым удвая цяпер людзей у сілавых структурах. Вельмі шмат структураў, якія маюць сваё аўтаномнае права займацца апэратыўна-пошукавай дзейнасьцю, што не гарантуе адсутнасьці сутыкненьняў паміж гэтымі структурамі, што не гарантуе цэнтралізаванага кіраваньня гэтымі структурамі і што дае магчымасьць кіраўніку кожнай сілавой структуры рабіць тое, што яму захочацца”.

На думку спадара Нісьцюка, КДБ павінен найперш займацца не высочваньнем актывістаў апазыцыі, а захаваньнем дзяржаўных таямніцаў.

Прэсавы сакратар штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін мае супрацьлеглую пазыцыю:

(Косьцін: ) “Сілавыя структуры, асабліва пасьля таго як прагучалі некаторыя заявы кіраўнікоў праваахоўчых ведамстваў, дэманструюць эфэктыўнасьць сваёй працы. Магчымае толькі ўдасканаленьне працы, аднак рэфармаваць у тым сэнсе, у якім прызвычаіліся – скарачаць ці звальняць супрацоўнікаў – гэта неабгрунтавана і, магчыма, нават неабдумана”.

Прадстаўнік выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Віктар Карняенка кажа, што каманда кандыдата адмыслова не распрацоўвала канцэпцыю рэфармаваньня сілавых структураў і спэцслужбаў у Беларусі. Аднак пасьля выказваньняў кіраўніка КДБ Сьцяпана Сухарэнкі праблема гэтая стала актуальнай.

(Карняенка: ) “Беларускія спэцслужбы апынуліся па-за кантролем грамадзтва. І я мяркую, што гэта вельмі небясьпечна. КДБ не дэманструе таго, што ён займаецца сур’ёзна забесьпячэньнем захаваньня інтарэсаў краіны, а займаецца толькі інтарэсамі аднаго чалавека – спадара Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG