Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: чым займаюцца штабы кандыдатаў?


Радыё Свабода Пра тое, як праходзяць апошнія дні выбарчай кампаніі на Магілёўшчыне, гавораць прадстаўнікі штабоў кандыдатаў.

Актывісты штабоў і Мілінкевіча, і Казуліна скардзяцца, што мясцовая вэртыкаль адмаўляецца даваць вялікія залі для сустрэч з выбарцамі. У Бабруйску, да прыкладу, дазваляюць сустрэчы ў аддаленым маленькім кінатэатры “Перамога” ў прыватным сэктары, куды вельмі складана дабрацца.

Таіса Кабанчук, сябра штабу Аляксандра Казуліна, вельмі задаволеная паездкамі ў глыбінку:

(Кабанчук: ) “Па вёсках паезьдзілі ў Кіраўскім і Клічаўскім раёнах. І людзі так былі ўзрадаваныя, што да іх хтосьці прыехаў! Прапанавалі нам нават свае паслугі: “Дайце агітацыйныя матэрыялы, мы занясем на фэрмы. Мы адчуваем, што нам гавораць ня ўсю праўду”. Мы правялі міні-мітынгі ў вёсках. У Кіраўску таксама правялі міні-мітынг на рынку”.

На Магілёўшчыне кіраўнік абласнога штабу і давераныя асобы Аляксандра Мілінкевіча ізаляваныя – сядзяць у пастарунках Уладзімер Шанцаў, Рыгор Кастусёў, Сяргей Нягацін, Ігар Сімбіраў... Некаторыя хаваюцца.

Расказвае актывіст штабу Мілінкевіча ў Магілёве Сяргей Стральцоў:

(Стральцоў: ) “Аляксандар Сілкоў, выканаўца абавязкаў кіраўніка штабу Мілінкевіча, і я цяпер спрабуем асабліва не сьвяціцца ў тых месцах, дзе ў нас ёсьць падазрэньне, што вядзецца вонкавае назіраньне. Да суботы ня будзем начаваць дома, зьмянілі нумары тэлефонаў”.

Таіса Кабанчук таксама скардзіцца на звышпільную ўвагу праваахоўнікаў да актывістаў штабу.

(Кабанчук: ) “Мы напісалі некалькі скаргаў начальніку УУС на пастаянны перасьлед чальцоў маёй каманды. Маю машыну асабістую спыняюць праз кожныя 5 мэтраў. Нашых людзей затрымліваюць, трымаюць па гадзіне ў пастарунку. Стараемся працаваць ціха, у дварах, пад’ездах, калі распаўсюджваем прадукцыю, то як мага далей ад вачэй міліцыянтаў”.

А вось дзейнаму кіраўніку дзяржавы праводзіць агітацыйную работу зусім ня трэба, лічыць прэсавы сакратар штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін:

(Косьцін: ) “Наш кандыдат вельмі вядомы, таму такіх захадаў рабіць, як робяць іншыя кандыдаты, яму ня трэба. Такіх асабістых сустрэч, як праводзяць іншыя, не плянуецца”.
XS
SM
MD
LG