Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні прайшла акцыя беларуска-літоўскай салідарнасьці


Тацяна Поклад, Вільня Напярэдадні ў Вільні адбылася пятая ўжо акцыя беларуска-літоўскай салідарнасьці. Гэтым разам акцыя салідарнасьці са зьніклымі і пацярпелымі ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі адбылася пры ўдзеле рок-гурту “NRM”, які ўпершыню выступіў у Літве.

Такія акцыі 16-га дня кожнага месяца сталі традыцыяй – дзякуючы беларускай і літоўскай моладзі, згуртаванай Цэнтрам беларускіх ініцыятываў у Літве. Акцыю падтрымаў і літоўскі Фонд абароны грамадзянаў.

Перад канцэртам у залі найбольшага балтыйскага інфармацыйнага агенцтва БНС адбылася прэсавая канфэрэнцыя з нагоды акцыі. Арганізатары адзначылі, што імкнуцца зьвярнуць увагу моладзі Літвы да праблемы парушэньня правоў чалавека у Беларусі. Выступоўцы, літоўскія музыкі, гаварылі пра падтрымку памкненьняў да свабоды ў Беларусі.

Падчас канцэрту заля аднаго з найбольш вядомых віленскіх клюбаў у старым горадзе, разьлічаная на 500 месцаў, была запоўненая. Лідэр гурту “NRM” Лявон Вольскі сказаў радыё “Свабода”:

(Вольскі: ) “Для нас вельмі істотна доўжыць гэтыя сувязі, ладзіць тут канцэрты, знаёміцца менавіта з сучаснай віленскай публікай. Я маю ў плянах паспрабаваць вывучыць хаця б пачаткова літоўскую мову – мову нашых суседзяў. Калі б была магчымасьць езьдзіць сюды часьцей, у варунках не палітызаваных, а проста творчых, я быў бы вельмі шчасьлівы”. Цягам чатырохгадзіннага канцэрту паўсюль у залі гарэлі белыя і чырвоныя сьвечкі, луналі некалькі вялікіх бел-чырвона-белых сьцягоў. На першы віленскі канцэрт “NRM” прыйшлі людзі самых розных узростаў. Заля вітала беларускіх рок-музыкаў: “Жыве Беларусь! “NRM”!”

(Дзяўчына: ) “Ад канцэрту ўражаньні найлепшыя, гэта вельмі моцная каманда, такіх у Літве, трэба сказаць шчыра, папросту няма”.

(Спадарыня: ) “Я была ў Менску на канцэрце, там было іначай. Тут яны іншыя, яны адкрыліся, было гэтае пачуцьцё свабоды, якое лунае над Вільняй. Было і радасна, і крыху крыўдна, што ў нас так не бывае”.
XS
SM
MD
LG