Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні пачалі сачыць за пералётнымі птушкамі


Радыё Свабода На гэтым тыдні ў Горадні пачалося назіраньне за пералётнымі птушкамі. Інстытут заалёгіі Акадэміі навук зьвярнуўся празь міністэрства да абласных камітэтаў аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, каб яны наладзілі назіраньне за міграцыяй птушак у сувязі з магчымасьцю пашырэньня птушынага грыпу. У Горадні ў назіраньні за пералётнымі птушкамі дапамагаюць сябры грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Назіраньне мела пачацца з 1 сакавіка, але зіма зацягнулася, і міграцыя птушак таксама. Месцам назіраньня абраны ачышчальныя сажалкі Месцам назіраньня абраныя ачышчальныя сажалкі прадпрыемства “Азот”, некаторыя зь іх не замярзаюць, і непадалёку Нёман. Назіраць за рухам птушак будуць чатыры чалавекі з “Аховы птушак Бацькаўшчыны”. Гаворыць кіраўнік абласной філіі грамадзкай арганізацыі Дзьмітры Вінчэўскі:

(Вінчэўскі: ) “У пачатку міграцыі гэта будзе адбывацца праз два – тры дні. Там такая мэтодыка ёсьць: трэба за паўгадзіны да таго, як будзе ўзыходзіць сонца, пачынаць назіраньне і на працягу трох гадзінаў запісваць усе віды і колькасьць птушак, якія ляцяць. А калі пачнецца актыўная міграцыя, тады празь дзень трэба стаяць і назіраць цэлы сьветлавы дзень”.

Дзьмітры Вінчэўскі займаецца птушкамі прафэсійна: закончыў асьпірантуру ў Інстытуце заалёгіі Акадэміі навук, выкладаў у Гарадзенскім унівэрсытэце, піша дысэртацыю.

За апошнія дні былі два выпадкі, якія спачатку выклікалі падазрэньні што да птушынага грыпу. На гарадзенскай птушкафабрыцы загінулі дзевяць тысяч курэй. Праводзіцца сьледзтва. Адна з вэрсіяў такая: здарылася аварыйнае адключэньне электрычнасьці. Калі сьвятло зноў далі, нехта не ўключыў вэнтыляцыі і куры задыхнуліся.

Другі выпадак такі: супрацоўнікі ратавальнай службы знайшлі ў прыгарадзе хворага лебедзя, даставілі яго на вэтэрынарную станцыю. Там лебедзя ўмярцьвілі, але аналіз на наяўнасьць птушынага грыпу атрымаўся адмоўны. Лебедзь быў папросту паранены.
XS
SM
MD
LG