Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Gazeta Wyborcza": "Сьмяротнае пакараньне за пратэсты?"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польская прэса шмат увагі аддае падзеям у Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама падзеям у сьвеце, зьвязаным зь Беларусьсю.

Шмат увагі польскія мэдыі ўдзяляюць заявам кіраўніцтва беларускага КДБ аб тым, што да ўдзельнікаў акцыяў пратэсту апазыцыі яны будуць ставіцца як да тэрарыстаў. Аглядальнікі падкрэсьліваюць, што беларускія ўлады сьцягваюць у Менск міліцыю з усёй краіны, і тое, што гэтая сіла будзе выкарыстаная супраць дэманстрантаў, становіцца ўсё больш праўдападобным – пагатоў улады ўжо ня першы раз пагражаюць гэта зрабіць.

Штодзёньнік “Rzeczpospolita” у артыкуле “Выбары за кратамі” адзначае, што, нягледзячы на вонкавы спакой, у Беларусі адбываюцца вельмі значныя падзеі: актывістаў апазыцыі арыштоўваюць дзясяткамі, ідзе датэрміновае галасаваньне, за якім немагчыма прасачыць і да ўдзелу ў якім шмат каго змушаюць.

Газэты пішуць таксама пра ўчорашнюю акцыю салідарнасьці зь Беларусі, што прайшла па ўсёй Польшчы. Гэтую акцыю, у якой узялі ўдзел тысячы палякаў, параўноўваюць з падтрымкай палякамі ўкраінскай аранжавай рэвалюцыі. “Gazeta Wyborcza” паведамляе, што ў некаторы мясьцінах Польшчы акцыі мелі нетрадыцыйны характар: напрыклад, у адным зь ліцэяў у Зялёнай Гуры сьцены будынку былі абклееныя плякатамі зь лёзунгамі падтрымкі для беларускай апазыцыі, а ўсе вучні і настаўнікі мелі на сабе бел-чырвона-белыя стужкі.

Цікава таксама, як выглядае Менск за два дні да выбараў вачыма замежных журналістаў. Вось фрагмэнт рэпартажу зь беларускай сталіцы, які прагучаў у эфіры адной з польскіх радыёстанцыяў:

(Рэпартэр: ) “Менская вуліца на першы погляд нічым не адрозьніваецца ад тыповай вуліцы вялікага гораду. Пра выбары прыпамінаюць плякаты, а таксама вялікая колькасьць міліцыі. Практычна на кожным кроку можна сустрэць патруль з трох ці чатырох міліцыянтаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG