Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: “Такіх выбараў яшчэ не было”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежных СМІ за 17 сакавіка.

Сёньня мы працягваем аглядаць выданьні, якія так і ня трапілі да чытачоў. Наклады “Народнай Волі” і газэты “Товарищ” па-ранейшаму затрыманыя.

“Товарищ” выйшаў пад “шапкай” “Наш кандыдат – Аляксандар Мілінкевіч. Наш лёзунг – Свабода, Праўда, Справядлівасьць”. На першай старонцы – хроніка выбарчай кампаніі. На другой – асноўныя палажэньні перадвыбарчай праграмы кандыдата. Артыкул Сяргея Калякіна называецца“Апошні рэсурс”. Гэта, на думку аўтара, – рэпрэсіі ўладаў, якія пачаліся ўжо на стадыі збору подпісаў, запалохваньне, потым судовы перасьлед актывістаў, арышты. “Такія мэтады выкарыстоўвае толькі той палітык, час якога беззваротна адыходзіць у мінулае. Як правіла, звычайна незадоўга да свайго палітычнага скону”.

“Народная Воля” пад рубрыкай “Нельга маўчаць!” публікуе артыкул акадэміка, экс-сьпікера верхняй палаты парлямэнту Аляксандра Вайтовіча “Гэта дыктатура”. Яшчэ адзін матэрыял называецца “Інтэрактыўная хлусьня, альбо пра тое, як апазыцыя дапамагае “піярыць” праціўніка” – пра ток-шоў “Выбар” на ОНТ з удзелам прадстаўнікоў апазыцыі. Пад рубрыкай “Пратэст” “Народная Воля” зьмяшчае зварот Аб’яднанай грамадзянскай партыі “Спыніць парушэньні Канстытуцыі”.

“Такіх выбараў яшчэ не было”, – сьцьвярджае “Наша Ніва”, сьвежы нумар якой выходзіць сёньня. “У бюлетэнях ёсьць выразная альтэрнатыва. Але ўсіх цікавіць толькі адно: колькі людзей зьбярэцца ў цэнтры сталіцы”. Вось асноўныя загалоўкі тыднёвіка: “Сілавікі чакаюць масавага выхаду”; “Мілінкевіч: “Я перад выбарамі думаў, улада ў лепшай кандыцыі”; “Беларусь прыйдзе да дэмакратыі ўласным шляхам”; “Ці варта апазыцыі выступаць у дзяржаўных СМІ?”; “Арсэнал псыхалягічнай вайны – справа двухбаковавострая”. “Наша Ніва” таксама дае парады мітынгоўцам, зьмяшчае эсэ Віталя Тараса “Сьмерць пасьля сьмерці”, прысьвечанае Слабадану Мілошавічу.
XS
SM
MD
LG