Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзімер Клішэвіч


Уладзімер Арлоў, Менск (12.3.1914, в.Краснадворцы цяперашняга Салігорскага раёну – 14.11.1978, Лёс-Анжэлес, ЗША)

Таўклі чырвоным каты ботам Алеся Звонака й Чарота.

Спаткаў таксама лёс свой чорны За кратамі паэт Кляшторны.

Далёкі Ўсход, нямы і дзікі, Закрыў зямлёй шкілет Хадыкі.

За недагляд якогась слова Душыў забойца Маракова...

Прыйшлося й мне ў юнацкім ранку Паспрабаваць “амэрыканку”.

Гэта радкі зь верша Ўладзімера Клішэвіча “Менская турма”, які мае падзагаловак “1937-мы, 20-годзьдзе Кастрычніка”. Новы, 1938 год былы студэнт Менскага пэдінстытуту сустракаў у высылцы на Калыме.

Ягонае вяртаньне ў Беларусь не назавеш сьветлым і радасным: маладога літаратара везьлі пад канвоем у тую самую менскую турму на дадатковае расьсьледаваньне справы. З савецкай вязьніцы вызваліла толькі вайна.

У 1944-м нядаўні рэдактар “Газэты Случчыны” апынуўся на Захадзе.

Клішэвіч рэдагаваў часопіс “Беларус у Амэрыцы”, выкладаў у каледжы ў Індыяне, рыхтаваў скрыпты для радыё “Вызваленьне”. Але за вонкавай, здавалася б, уладкаванасьцю хаваўся глыбокі душэўны разлад. Уладзімер не хацеў назаўсёды губляць магчымасьць вяртаньня ў Беларусь.

Пасьля таго, як ён паслаў свае выдадзеныя ў вольным сьвеце кнігі ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя Леніна, Клішэвіча запрасілі ў Менск. Убачанае на радзіме, дзе квітнеў “разьвіты сацыялізм” ды стваралася “новая этнічная супольнасьць – савецкі народ”, наўрад ці сталася для госьця вялікім шчасьцем. Пагатоў, яму нават не дазволілі наведаць родную вёску. Тым ня менш, у 1973 годзе клапатліва апекаваная Камітэтам дзяржбясьпекі газэта “Голас Радзімы” выдала ў сваёй бібліятэчцы кніжачку Клішэвіча “Сьняцца дні мне залатыя”. Эміграцыйны друк абвінаваціў Уладзімера ў супрацоўніцтве з камуністамі. Калегі азваліся бязьлітаснымі эпіграмамі. Урэшце ягонае сэрца ня вытрымала.

Даводзілася сустракаць меркаваньне, што гэтая сьмерць не пазбаўленая сумнеўных акалічнасьцяў. Але дзьве рэчы не падлягаюць сумневу: Уладзімер Клішэвіч быў паэтам і пранізьліва любіў Беларусь.

Запавет на чужыне такі Ад бацькоў пераходзіць дзецям: Іншаземныя маякі Тваю ноч не асьвецяць.

Шмат хто зь ягоных заакіянскіх знаёмых лічыў гэтае credo безнадзейна наіўным...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG