Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уільям Хэйг: "Народу Беларусі патрэбная дапамога"


Радыё Свабода У брытанскай “The Times” з артыкулам пад назвай “Адзін прэзыдэнт, затое шмат галаварэзаў” выступіў ценявы міністар замежных справаў Брытаніі Ўільям Хэйг. “Народу Беларусі патрэбная дапамога ў барацьбе супраць апошняй дыктатуры ў Эўропе,” — гэткі падзагаловак дае аўтар сваёй публікацыі.

За апошнія два дзесяцігодзьдзі палітычныя зьмены адбыліся па ўсёй Эўропе. Скончылася халодная вайна, былыя савецкія сатэліты цяпер уваходзяць у НАТО, каляровыя рэвалюцыі ў Грузіі, Украіне і Кыргызстане паказалі, што дэмакратыя можа прыпазьняцца, але раней ці пазьней прыходзіць. Дэмакратыя ўсталявалася ў большасьці краінаў, але не ў Беларусі.

Ад абраньня прэзыдэнтам Аляксандра Лукашэнкі, якога цяпер называюць апошнім дыктатарам Эўропы, грамадзянскія й палітычныя правы ў краіне ўсё больш абясцэньваюцца. Выбары, якія пройдуць 19 сакавіка, зусім не падобныя на тое, што мы бачылі ў іншых краінах Усходняй Эўропы. Каманды апазыцыйных кандыдатаў адчулі рэпрэсіі, іх запалохваюць, зьбіваюць, не даюць доступу да дзяржаўных СМІ, якія толькі ганьбяць апазыцыю.

Выглядае, што галоўная мэта Лукашэнкі — вярнуць Беларусь да формаў кіраваньня савецкага часу коштам правоў і дабрабыту беларусаў. Эканоміка Беларусі трымаецца дзякуючы танным расейскім энэрганосьбітам.

Калі Лукашэнка будзе “абраны” (аўтар артыкулу бярэ гэтае слова ў двукосьсе), мы станем сьведкамі ня толькі застою дэмакратыі, але развароту ад дэмакратыі. Калі мы здолелі ўбачыць пераход да дэмакратыі ў столькіх былых камуністычных краінах, мы ня можам забывацца пра людзей, што жывуць у недэмакратычных дзяржавах.

Усе з нас, хто цэніць права на свабодныя й справядлівыя выбары, павінны вітаць кандыдатаў, якія адважна змагаюцца ва ўмовах несвабоды, і асудзіць рэжым, які ўжыў сродкі дэмакратыі, каб пераўтварыцца ў дэспатыю. Прыйшоў час прапанаваць падтрымку народу Беларусі і заняць жорсткую лінію супраць улады, якая страціла сваю легітымнасьць. Прыйшоў час эўрапейскім урадам сказаць гэта, піша ў газэце “Times” ценявы міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Ўільям Хэйг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG