Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апошні дыктатар не жадае рызыкаваць”


Вячаслаў Ракіцкі, Менск “Апошні дыктатар не жадае рызыкаваць”, – пад такім загалоўкам амэрыканская газэта “Wall street journal” зьмяшчае матар’ял зь Менску свайго карэспандэнта Алана Калісана. Журналіст піша, што беларускі лідэр робіць усе захады, каб спыніць дэмакратычную хвалю.

Нават апанэнты беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі прызнаюць, што з улікам імклівай эканомікі і шчыльных сувязяў ягонай краіны з Расеяй, ён мае добры шанец перамагчы на свабодных і сумленных выбарах у нядзелю. Але пасьля таго, як народныя паўстаньні апошніх гадоў у рэгіёне зрынулі іншых лідэраў, якія здаваліся непераможнымі, чалавек, якога называюць апошнім дыктатарам у Эўропе, не жадае рызыкаваць. На гэтым тыдні зьявіліся новыя прыкметы таго, што кампанія ЗША за дэмакратызацыю ў былым Савецкім Саюзе сутыкаецца з сустрэчным ветрам: міліцэйскія рэйды і ў савецкім стылі пагрозы ўскалыхнулі звычайна сонную сталіцу Беларусі. Так піша журналіст газэты Алан Калісан і працягвае:

Апазыцыянэры цьвердзяць, што міліцыя затрымала каля 300 іхных актывістаў, многія зь іх зьяўляюцца сябрамі моладзевых арганізацыяў. Учора міліцыя арыштавала лідэра адной з асноўных апазыцыйных партыяў. Дзяржаўная газэта, якую ўчора бясплатна раскідалі па паштовых скрынках па ўсёй краіне, параўнала апазыцыю з нацысцкімі захопнікамі ў той час, як галоўным незалежным газэтам заткнулі рот пасьля таго, як іх друкарня ў Расеі на мінулым тыдні паведаміла, што ня будзе іх далей друкаваць.

Журналіст газэты “Wall street journal” падкрэсьлівае, што спадар Лукашэнка ад моманту свайго першага абраньня прэзыдэнтам у 1994 годзе пасьлядоўна ўзмацняе жорсткі кантроль над краінай. Ён стварыў сабе ледзь ня культ асобы сярод людзей старэйшага веку, якія яму ўдзячныя за своечасовую выплату пэнсіяў тады, калі іншыя постсавецкія ўрады разбурылі сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня. У той час, як многія ненавідзяць спадара Лукашэнку за перасьлед палітычных супернікаў і ператварэньне краіны ў асколак капсулы постсавецкай эры, іншыя аддаюць яму даніну за тое, што ён здолеў збавіць іх ад постсавецкага жабрацтва, якое назіраецца ў іншых краінах. Дзякуючы пераважна эканамічнай інтэграцыі з Расеяй, эканамічны рост у Беларусі ў 2005 годзе склаў 7,8 працэнта і 6,4 працэнта ў 2004-м.

Тым ня меней, – піша карэспандэнт “Wall street journal”, – з набліжэньнем выбараў спадар Лукашэнка паставіў па-за законам фінансаваных з-за мяжы актывістаў недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў. Многія зь іх сёньня размясьціліся ў літоўскай сталіцы Вільні, па той бок беларускай мяжы. На гэтым тыдні спадар Лукашэнка таксама не пусьціў у краіну эўрапейскіх назіральнікаў за выбарамі, бо, як вядома, паведамленьні замежных назіральнікаў пра махлярствы ў часе галасаваньня сталі галоўнай зброяй апазыцыі ва Ўкраіне.

Заходнія дыпляматы кажуць, што апазыцыянэрам ў Беларусі наканаваныя болей цяжкія бітвы, чым гэта было ў суседняй Украіне, дзе дэманстрантаў падтрымалі антыўрадавыя кляны бізнэсоўцаў, і дзе словы пратэсту распаўсюджваліся незалежнай тэлевізіяй. Спадар Лукашэнка даўно ўжо кантралюе электронныя сродкі масавай інфармацыі і большую частку эканомікі Беларусі. Заходнія дыпляматы кажуць, што спадар Лукашэнка накіроўвае ў дзяржаўныя кампаніі сваіх “паліткамісараў”, каб кантраляваць настроі супрацоўнікаў і мабілізаваць выбарцаў. Ён таксама перавёў мільёны беларусаў на кароткатэрміновыя працоўныя кантракты, каб можна было бяз цяжкасьцяў звольніць іх, калі заўважаць іх у неляяльнасьці.

Карэспандэнт “Wall street journal” Алан Калісан падкрэсьлівае, што кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца дамагчыся другога туру галасаваньня, у часе якога многія беларусы, якія сёньня падтрымліваюць спадара Лукашэнку, пойдуць супраць яго з прычыны ягонай жорсткай тактыкі. На завяршэньне газэта цытуе спадара Мілінкевіча: “Мы спадзяемся, што зможам зьмяніць краіну. Мы спадзяемся, што зможам паказаць, што не абавязкова жыць у страху”.
XS
SM
MD
LG