Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каляровыя рэвалюцыі блякнуць у цені Расеі”


Вячаслаў Ракіцкі, Менск “Для чалавека, які перакананы ў перамозе, Аляксандар Лукашэнка ідзе на надзвычайныя захады, каб забясьпечыць “правільныя” вынікі ў надзелю на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Ягоны меркаваны трыюмф стане змрочным паваротным пунктам для дэмакратычных рухаў у былой сфэры савецкага ўплыву.” Так піша брытанская газэта “Guardian” у артыкуле “Каляровыя рэвалюцыі блякнуць у цені Расеі”.

Журналіст “Guardian” Сайман Цісдол нагадвае чытачам, што цягам апошніх дзён два дзесяткі беларускіх апазыцыянэраў былі арыштаваныя, эўрапейскіх назіральнікаў і парлямэнтароў не пусьцілі ў краіну, а расейскія пастаўшчыкі адмовіліся прадаваць паперу незалежным газэтам. Прамаскоўскі рэжым Менску абвінаваціў Захад і найперш Польшчу ў імкненьні зрынуць цяперашнюю беларускую ўладу.

Газэта падкрэсьлівае, што нічога нельга аддаваць на волю выпадку, і цытуе Чарльза Гранта і Марка Леанарда з Цэнтру эўрапейскіх рэформаў: “ Ніхто ўсур’ёз не сумняваецца, і ўжо канешне ж не сумняваецца апазыцыя, што вынікі выбараў вызначаныя наперад.” Верагодны крах надзеяў на дэмакратычныя перамены ў Беларусі супадае з больш шырокай стратай веры ў будучыню “колеравых рэвалюцыяў”, якія пракаціліся ў апошнія гады па такіх краінах, як Украіна, Грузія і Сэрбія, – піша “Guardian” і працягвае:

Калі сапраўды зьмяніліся настроі адносна рэвалюцыяў, якія скаланулі пост-савецкую прастору, дык у гэтым у пэўнай ступені вінаватыя ЗША і Эўрапейскі Зьвяз. Перавагі “далучэньня да Захаду” пакуль не ўражваюць.

Далей газэта цытуе справаздачу незалежнай амэрыканскай Рады ў міжнародных стасунках, у якой пішацца, што над гэтымі краінамі навісае ўсё болей злавесны ўплыў Расеі Ўладзімера Пуціна. “У той час, калі прэзыдэнт Буш зрабіў дэмакратыю мэтай амэрыканскай зьнешняй палітыкі, расейская палітычная сыстэма няўхільна становіцца ўсё болей аўтарытарнай.” Рэгрэсіўныя тэндэнцыі ў Расеі адлюстроўваюцца на яе суседзях, што стала відавочным, калі Масква выкарыстала нафту і газ у якасьці “зьнешнепалітычнай зброі” супраць Украіны і таксама заўважаецца ў плянаваным ёю адраджэньні палітычнай і эканамічнай супольнасьці, якая аб’яднае Расею, Беларусь і Казахстан. Расейскі мядзьведзь зноў выйшаў на сьцежку, каб вярнуць страчаны геапалітычны ўплыў. А гэта патрабуе больш жорсткай рэакцыі. “ЗША павінны адмовіцца ад пачцівасьці да Расеі, калі размова ідзе пра іх стасункі з дзяржавамі на ўскрайках Расеі, – пішуць аўтары справаздачы.

На завяршэньне артыкула брытанская “Guardian” падае яшчэ адну цытату са справаздачы незалежнай амэрыканскай Рады ў міжнародных стасунках : “Няма нічога легітымнага ў абмежаваньні магчымасьцяў суседніх дзяржаваў выбіраць саюзьнікаў у галіне бясьпекі і ажыцьцяўляць дэмакратычную трансфармацыю. Постсавецкія дзяржавы, якія падзяляюць амэрыканскія падыходы, павінны разьлічваць на больш моцную падтрымку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG