Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пасьля выбараў мы яшчэ з вамі пагаворым..."


Радыё Свабода Кроніка датэрміновага галасаваньня

У мястэчку Казлоўшчына на Дзятлаўшчыне з самай раніцы звозілі людзей з навакольных вёсак на датэрміновае галасаваньне. Дзеля гэтага далі спэцыяльныя аўтобусы. У Казлоўшчыну прыяжджаў старшыня райвыканкаму спадар Грыдчанка і асабіста назіраў, як людзі галасуюць.

Дэпутат раённага Савету Пётра Цярэшка пайшоў на ўчастак у якасьці назіральніка. Зь ягоных словаў, у людзей нават не пыталі пашпартоў, бо прывозілі наўпрост з працы. Тут і рабочыя з калгасу “Слава працы”, і супрацоўнікі псыханэўралягічнага інтэрнату.

(Цярэшка: ) “Маладыя ідуць галасаваць; са школы настаўнікі; зь бібліятэкі, што тут побач. “Змушаюць”, — кажуць. “Ну, што я зраблю, калі мяне застаўляюць?” — скардзяцца. Вось і ўсё. Ідуць людзі”.

Дэпутат Цярэшка зьвярнуўся да старшыні райвыканкаму з пытаньнем, навошта людзей прывозяць на выбарчы ўчастак, калі ўсе здолелі б прагаласаваць у нядзелю. “Адказ — удакладняе Пётра Цярэшка — аказаўся даволі просты”: “Пасьля выбараў мы яшчэ з вамі пагаворым”...

Тым часам праваабаронцы Магілёву падвялі вынікі назіраньня за першымі двума днямі датэрміновага галасаваньня. Каардынатар назіраньня са штабу Мілінкевіча Аляксандар Каралёў паведаміў, што за два дні складзена дзесяць актаў пра парушэньні выбарчага заканадаўства. Спадар Каралёў кажа, што парушэньні такія ж, як і падчас мінулых выбарчых кампаніяў. Скрыні апячатваюць плястылінавымі пячаткамі, якія лёгка сарваць; на час абедзеннага перапынку не апячатваюць памяшканьні; знаёміцца са сьпісамі выбарчай камісіі маюць магчымасьць камэнданты інтэрнатаў, дырэктары прадпрыемстваў — усё гэта супярэчыць заканадаўству. На заўвагі назіральнікаў найчасьцей выбарчая камісія не рэагуе.

**************************

У Віцебску затрымалі назіральніка Сяргея Парсюкевіча, склалі адразу 3 пратаколы. Спадар Парсюкевіч ехаў на ўласнай аўтамашыне на выбарчы ўчастак у медычны універсітэт. Супрацоўнікі міліцыі прымусілі яго спыніцца і паказаць зьмесьціва багажніка, дзе ўбачылі каляндарыкі з партрэтам Аляксандра Мілінкевіча і налепкі “Я за Свабоду!”

Сяргей Парсюкевіч браў удзел у агітацыйнай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты, і за распаўсюд друкаваных матэрыялаў яго ўжо двойчы забіралі ў міліцыю. 23-га лютага на яго былі склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэньне, а 5-га сакавіка пратаколу ўжо не складалі, назваўшы затрыманьне “прафіляктычнай гутаркай” з міліцыянтамі.

Сёньняшняе вымушаны візыт у Кастрычніцкі РАУС міліцыянты таксама спачатку назвалі запрашэньнем на “гутарку”. Але намесьнік начальніка райадзелу Аляксей Шаховіч ўрэшце сказаў, што спадар Парсюкевіч усё ж затрыманы. На Сяргея Парсюкевіча склалі адразу 3 пратаколы: за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных яго будуць судзіць заўтра ў Кастрычніцкім раённым судзе, а за распаўсюд налепак “Я за Свабоду” ён выкліканы на пасяджэньне раённай адміністрацыйнай камісіі 29-га сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG