Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Казулін: "Я – за рэвалюцыю ў сьвядомасьці людзей"


Алесь Дашчынскі, Менск У чацьвер у залі менскага кінатэатру “Дружба”, разьлічанага на 600 месцаў, адбылася сустрэча з выбарцамі кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Сустрэча прайшла ў спакойнай атмасфэры.

Аляксандар Казулін заявіў, што першым яго дэкрэтам будзе акт аб прымірэньні, адзінстве і згодзе ўсіх беларусаў, якія жывуць ў краіне і за яе межамі. Ён мяркуе запрасіць Раду БНР, кіраўніцтва БССР, Станіслава Шушкевіча і Зянона Пазьняка, а таксама Аляксандра Лукашэнку.

(Казулін: ) “ Мы разам падпішам акт аб адзінстве, прымірэньні і згодзе. На ноце прабачэньня і прымірэньня, на ноце згоды, пачнём будаваць новую Беларусь”.

Аляксандар Казулін заявіў, што нестабільнасьць у краіне ўносіць не апазыцыя, а заявы старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі, што несанкцыянаваныя акцыі 19 сакавіка будуць кваліфікавацца паводле артыкулу аб тэракце. З залі прагучала пытаньне: “Што, усіх пасадзяць?”

(Казулін: ) “Дык вось я пра гэта і пытаюся. Гэта заява афіцыйнай асобы, старшыні КДБ. Скажыце, хто сёньня ўносіць гэтую нестабільнасьць? І як можна казаць пра тэрарызм, калі ў людзей абсалютна мірныя настроі”.

Спадар Казулін заявіў, што не зьяўляецца прыхільнікам рэвалюцый і гвалту, але зьяўляецца прыхільнікам рэвалюцыі ў сьвядомасьці людзей, якая ўжо адбываецца. Паводле спадара Казуліна, чым бы ні скончылася 19 сакавіка, але 20 сакавіка краіна будзе іншай. Ён лічыць, што Лукашэнка сёньня таксама знаходзіцца перад выбарам.

(Казулін: ) “Ён можа застацца ў гісторыі станоўчым героем – першым прэзыдэнтам незалежнай, сувэрэннай дзяржавы Беларусь. Але пасьля 19 сакавіка, пасьля грубага таптаньня канстытуцыі і законаў Беларусі і сілавога варыянту, які рыхтуецца, ён пяройдзе ў разрад апошняга дыктатара Эўропы. Што і які лёс чакае дыктатараў, мы ўсе з вамі ведаем”.
XS
SM
MD
LG