Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія назіральнікі распавядаюць пра парушэньні на выбарчых участках


Радыё Свабода, Віцебск Яны скардзяцца на ўмовы, у якіх мусяць працаваць, а таксама гавораць пра факты парушэньня заканадаўства ў часе датэрміновага галасаваньня

На ўчастку №17 у Чыгуначным раёне, дзе назіральніцай акрэдытаваная Антаніна Піванос, прыхільніца Аляксандра Казуліна, скрыня для галасаваньня сёлета празрыстая -- якраз такая, як прапаноўваў зрабіць кандыдат, якога яна падтрымлівае. Аднак сэнсу ў гэтым мала, кажа спадарыня Піванос, бо месцы для назіральнікаў абсталяваныя так, што можна разгледзець толькі сьпіны выбарцаў, якія прыходзяць галасаваць.

(Піванос:) “ Месца абмежаванае: мы сядзім твар да твару з сябрамі камісіі, і, калі прыходзяць выбарцы, то становяцца тварамі да іх і сьпінамі да нас, так што нічога ня бачна. Дый што там можна ўбачыць – да іх метраў 7 ці, можа, усе 10!”

Тым ня меньш, з-за сьпінаў спадарыні Піванос удалося разгледзець, что выбарцам раздаюць бюлетэні ня толькі па пашпарце або вайсковым білеце, але й па пасьведчаньні работніка чыгункі. Такое распараджэньне аддаў старшыня мясцовай выбарчай камісіі. Антаніна Піванос зафіксавала гэты факт у скарзе на адрас ЦВК.

Назіральніца пра Кастрычніцкай раённай выбарчай камісыі Алена Залесская гаворыць, што да яе зьвяртаецца вельмі шмат людзей, незадаволеных прымусовым папярэднім галасаваньнем. Да прыкладу, такія ёсьць у першай гарадзкой паліклініцы.

(Залесская:) “Далі распараджэньне йсьці галасаваць датэрмінова. Старшая медсястра гаворыць: “Што ж гэта такое! Я хачу пайсьці са сваёй сям”ёй галасаваць 19-га! Я буду пісаць скаргу!” Ніхто ня хоча йсьці галасаваць, і там віруе уся паліклініка”.

Аднак, паводле назіраньняў спадарыні Залесскай, найчасьцей да скаргаў не даходзіць, бо людзі баяцца, і ўрэшце рэшт выконваюць распараджэньне начальства. Адно, на што пагаджаюцца “выбарцы па прымусу”, дык гэта ананімна выказаць сваё незадавальненьне. Так, на “гарачую лінію”, арганізаваную АГП, ананімна патэлефанавалі з Віцебску супрацоўнікі Чыгуначнага шпіталю і вытворчага аб”яднаньня “Віцебскдрэў” , Кастрычніцкага райадзьдзелу адукацыі і акцыянэрнага таварыства “Энэргасістэмы”.
XS
SM
MD
LG