Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кроніка затрыманьняў у рэгіёнах


Радыё Свабода У рэгіёнах Беларусі працягваюцца затрыманьні і арышты актывістаў выбарчых штабоў апазыцыйных кандыдатаў. Сёньня ў Наваполацку затрымалі й засудзілі на 5 сутак кіраўніка гарадзкога штабу Мілінкевіча Васіля Храмцова. Падставай для затрыманьня стала тое, што спадар Храмцоў, паводле вэрсіі міліцыянтаў, не прапусьціў на пешаходным пераходзе пешахода, калі ехаў машынай па вуліцы Моладзевай. Пры гэтым судзьдзі не прынялі да ўвагі, што спадар Храмцоў хворы на цукровы дыябэт і павінен тройчы на суткі рабіць ін’екцыі інсуліну

У Віцебску Дзяніса Латыша, які развозіў па выбарчых участках агітацыйныя матэрыялы пра кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча, міліцыянты затрымалі зь ініцыятывы старшыні камісіі выбарчага ўчастку №4. Тлумачэньні на месцы не дапамаглі, і затрыманы актывіст, а таксама кіраўнік абласнога штабу Мілінкевіча Хрыстафор Жаляпаў былі вымушаныя паехаць у Кастрычніцкі райаддзел міліцыі. Там разьбіраньне працягвалася каля трох гадзін, і ўрэшце Дзяніса Латыша адпусьцілі, ня склаўшы ніякіх дакумэнтаў адносна гэтага факту.

У Крычаве арыштавана аргтэхніка і ўчынены ператрус у рэдакцыі незалежнай крычаўскай газэты “Вольны горад”. Паводле рэдактара выданьня Сяргея Няроўнага, супрацоўнікі АМАПу і КДБ з санкцыі пракурора зьявіліся ў кватэру, дзе месьціцца рэдакцыя “Вольнага гораду”. Кіраваў апэрацыяй падпалкоўнік Рабыка, які паведаміў гаспадару кватэры Ўладзімеру Кудраўцаву, што ў кватэры, нібыта, знаходзіцца скрадзеная аргтэхніка крычаўскай раённай бальніцы. Гаспадара кватэры і арыштаваную тэхніку даставілі ў Крычаўскі РАУС. Уладзімер Кудраўцаў адмовіўся даваць паказаньні і празь дзьве гадзіны быў адпушчаны. На дадзены момант праца над чарговымі нумарамі “Вольнага гораду” прыпынена.

Тым часам 100 тысяч бясплатных нумароў гарадзкой газэты з агітацыяй за ўладу выдадзеныя ў Берасьці. Гэты нумар газэты “Брестский вестник”, заснавальнікам якой зьяўляецца мясцовы гарвыканкам, бясплатна раскідваюць у паштовыя скрынкі берасьцейцаў. Нумар амаль цалкам прысьвечаны прэзыдэнцкім выбарам, але ва ўсіх матэрыялах на гэтую тэму згадваецца прозьвішча толькі аднаго кандыдата — Аляксандра Лукашэнкі. Звычайны наклад “Брестского вестника” не перавышае 4 тысяч асобнікаў. Але бясплатны нумар выйшаў накладам 100 тысяч — прытым, што ў Берасьці жыве крыху больш за 300 тысяч чалавек. Разам з нумарам “Брестского вестника” ў скрыні ўкідваюць і надрукаваную ў мясцовай друкарні агітацыйную ўлётку за Лукашэнку.
XS
SM
MD
LG