Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Мілінкевіч: “19 сакавіка мы выйдзем з кветкамі”<b/>


Валер Каліноўскі, Менск У Барысаве сёньняшняя сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі прайшла на вуліцы. Гарвыканкам адмовіўся прадставіць залю кінатэатра “Кастрычнік” мясцоваму штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Тым не меней да сьцен гэтага будынку прыйшло каля 500 жыхароў гораду, у тым ліку намесьнік старшыні гарвыканкаму Сяргей Трусаў, старшыня гарадзкой выбарчай камісіі Васіль Бараньнік, кіраўніцтва мясцовай міліцыі. Мітынг прайшоў на прыступках кінатэатра.

Мітынг прайшоў сярод сьнегу і лужын, але без правакацыяў. Аляксандр Мілінкевіч заявіў прысутным, што ён як кандыдат на прэзыдэнта мае права на сустрэчы з выбарцамі па ўсёй краіне, нягледзячы на забароны ўладаў. Спадар Мілінкевіч адказаў на шмат пытаньняў, прысьвечаных падзеям 19 сакавіка, у прыватнасьці, ён абверг словы старшыні КДБ Беларусі Сьцяпана Сухарэнкі, што апазыцыя нібыта рыхтуе тэракты і заявіў, што людзі прыйдуць 19 сакавіка на цэнтральную плошчу Менску з кветкамі:

(Мілінкевіч: ) “Калі няма іншых аргумэнтаў, і калі ўлада прайграе такія сустрэчы, тады пачынаецца запалохваньне. Я яшчэ раз скажу: мы мірны народ, дэмакратычныя сілы таксама мірныя, у нас у руках нічога няма, мы не зьбіраемся рабіць нейкія тэракты, не зьбіраемся біць шкло. Але мы маем права так, як сёньня тут сабраліся, сабрацца і ў Менску на плошчы. І я ведаю, што сярод сілавых структур, міліцыі і КДБ, ёсьць вялікая колькасьць прыстойных людзей, прафэсіяналаў, якія ніколі не дазволяць сабе прымяніць гвалт”.

Аляксандар Мілінкевіч, спасылаючыся на зьвесткі расейскіх сацыёлягаў, заявіў, што А. Лукашэнка мае каля 40 адсоткаў падтрымкі, ён – каля 30, і таму павінен быць другі тур галасаваньня. Калі ж улады назавуць іншыя лічбы аб перамозе Лукашэнкі, – гэта будзе пірава перамога, пачаткам канца гэтай улады,– заявіў спадар Мілінкевіч.

Было шмат запісак і пытаньняў наконт прымусу да датэрміновага галасаваньня, пра гэта казалі працаўнікі Барысаўскага мясакамбіната, БАТЭ.

Апрача іншага Аляксандар Мілінкевіч заявіў у Барысаве, што заўтра ў Менску ў кінатэатры “Электрон” ён правядзе супольную зь іншым кандыдатам на прэзыдэнта Аляксадрам Казуліным сустрэчу з выбарцамі.
XS
SM
MD
LG