Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі салідарнасьці з Беларусьсю ў Эўропе (фота)<b/>


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў дзесятках гарадоў Польшчы і іншых краінаў Эўразьвязу адбыліся акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. Да ўдзельнікаў варшаўскай акцыі праз тэлемост зьвярнуўся Аляксандар Мілінкевіч, які падзякаваў ім за падтрымку беларускай дэмакратыі.

Першая акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю пачалася каля 15 гадзіны ва Ўроцлаве. Некалькі дзесяткаў чалавек – пераважна студэнтаў з Польшчы і Украіны прайшлі маршам ўздоўж адной з цэнтральных плошчаў, запаліўшы белыя і чырвоныя зьнічы. З Уроцлава гаворыць ўдзельніца акцыі ўкраінская студэнтка Яна:

(Яна:) “Мы гаворым не -- Лукашэнку, не -- тэрору і не -- фактычна тэрарэстычнай арганізацыі, у якую ператварылася беларуская ўлада”

Увогуле акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю адбыліся сёньня прыкладна ў двух дзесятках польскіх гарадоў – зьбіраліся подпісы ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, прымаліся звароты да польскіх і эўрапейскіх уладаў, паўсюль гарэлі белыя і чырвоныя зьнічы . Найвялікшая імпрэза прайшла ў Варшаве - некалькі сотняў чалавек сталі ў жывы ланцуг уздоўж алеі імя “Салідарнасьці” – што, паводле арганізатараў са Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі і ініцыятывы Вольная Беларусь, сымбалізуе сувязь з польскімі традыцыямі змаганьня супраць камунізму.

Ініцыятары акцыяў кажуць, што масавы удзел палякаў у прабеларускіх дэманстрацыях сьведчыць аб сапраўды народнай падтрымцы дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Віталь Лоцманаў – намесьнік старшыні Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі.

(Лоцманаў: ) “Гэта сьведчыць аб тым, што палякі пераймаюцца тым, што адбываецца ў Беларусі. Спадзяемся, што гэта будзе мець уплыў на рашэньні палітычных элітаў Польшчы ў беларускіх справах і дойдзе да Беларусі”

Мітынг салідарнасьці зь Беларусьсю, арганізаваны швэдзкімі палітыкамі, адбыўся і ў Стакгольме. Каля сотні чалавек патрабавалі свабодных выбараў у Беларусі. З прамовай выступіла міністар замежных справаў Швэцыі Лайла Фрэйвалдз. Яна заявіла, што Швэцыя вельмі занепакоеная тым, якімі мэтадамі цяперашняе беларускае кіраўніцтва спрабуе ўтрымацца пры ўладзе. Са швэцкай сталіцы гаворыць Алесь Ліцьвінчык.

(Ліцьвінчык: ) “Людзі трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, транспаранты ў падтрымку Мілінкевіча, плякаты з надпісамі “Лукашэнка-апошні дыктатар Эўропы”, шмат прэсы”.

Потым, таксама ў Стакгольме адбыўся яшчэ адзін пікет, арганізаваны прадстаўнікамі беларускай іміграцыі. Пікет салідарнасьці зь Беларусьсю прайшоў таксама ў Парыжы – насупраць беларускай амбасады.





На здымках: акцыя ў Варшаве, віцэ-спікер польскага Сэйму Браніслаў Камароўскі
XS
SM
MD
LG