Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гавэл і Валэнса: "Чаму Лукашэнка прайграе"


Радыё Свабода Былыя прэзыдэнты Чэхіі і Польшчы Вацлаў Гавэл і Лех Валэнса апублікавалі сёньня артыкул пад загалоўкам "Чаму Аляксандар Лукашэнка прайграе". Прапануем вам пераклад гэтага тэксту.

"Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі нельга лічыць свабоднымі. Падобна, як гэта было ў краінах Усходняй Эўропы да падзеньня жалезнае заслоны, беларускія грамадзяне ня маюць рэальнай магчымасьці свабодна вырашаць сваю будучыню. Аўтарытарная ўлада прэзыдэнта Лукашэнкі поўнасьцю валодае дзяржаўным кіраваньнем, усёй эканомікай і сродкамі масавае інфармацыі; дзяржава як галоўны працадаўца дае зразумець, які вынік будзе на выбарах. У адваротным выпадку пагражае страта працы ды выключэньне з унівэрсытэтаў. Пратэсты скончацца за кратамі.

Сытуацыя ня надта адрозьніваецца ад той, што была ў Польшчы ці Чэхаславаччыне 70-х ці 80-х гадоў, і, дакладна як тады, сёньняшнія ўмовы ў Беларусі могуць здацца невырашальнымі ці нават безнадзейнымі. Але, нягледзячы на ўсё большыя пакараньні за кожную адкрытую праяву свабоднай волі, усё ж расьце прага годнага грамадзянскага жыцьця і будучыні ў свабоднай дэмакратычнай Беларусі – прававой дзяржаве, якая будзе паважаць правы чалавека і грамадзяніна. Толькі так можна патлумачыць тое, што, нягледзячы на розьніцу ў поглядах і ідэалёгіі, кансэрватары, сацыялісты, лібэралы, апазыцыйныя камуністы ды дзясяткі перасьледаваных і забароненых няўрадавых арганізацыяў аб’ядналіся ва ўплывовую дэмакратычную апазыцыю.

Асаблівым посьпехам зьяўляецца і давер апазыцыйнаму лідэру Аляксандру Мілінкевічу, які ёсьць ня толькі паважанай асобай, здольнай прывесьці Беларусь да дэмакратычных выбараў, але й сапраўдным палітыкам эўрапейскай велічыні. Без сумневу ён заслугоўвае міжнародную падтрымку ды мае разглядацца і прымацца як дэмакратычны прадстаўнік Беларусі.

Свабодны сьвет павінен прыслухоўвацца да просьбаў беларускіх ініцыятываў, ідзе гутарка пра дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій, пра падтрымку свабоднага распаўсюду інфармацыі ці пра адмену консульскіх збораў за візы ды заснаваньне стыпэндый, якія б разьмяркоўваліся незалежна ад беларускіх уладаў. Гэта ўсё можа выразна дапамагчы разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Лукашэнкаўскі аўтарытарны рэжым ня можа бясконца супрацьстаяць мацнеючай грамадзянскай самасьвядомасьці. Калі Эўрапейскі Зьвяз будзе здольны яе эфэктыўна падтрымаць, то й апошні недэмакратычны рэжым на яго мяжы разваліцца так хутка, як калісьці разваліліся рэжымы камуністычныя. А чым больш моцнай будзе дэмакратычная апазыцыя, тым менш балючым ды цяжкім будзе й пераход да дэмакратыі ды трансфармацыя ў грамадзтве".
XS
SM
MD
LG